Аляксандр Геджадзэ пад канвоем

Аляксандр Геджадзэ пад канвоем

У судзе Фрунзенскага раёна 20 красавіка быў агучаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітычнага зняволенага, грамадзяніна Расіі Аляксандра Геджадзэ. Палітвязня абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя Андрэй Млечка пакараў яго трыма гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Крымінальная справа на Аляксандра Геджадзэ была заведзена за тое, што ён на каршэрынгавым аўто перавёз покрыўкі, з якіх потым на дарозе ў жылым комплексе «Каскад» былі збудаваныя барыкады. Гэта адбылося ўвечары 12 кастрычніка. У той дзень на «Маршы пенсіянераў» у Мінску супраць пратэстоўцаў былі ўжытыя газ, светлашумавыя гранаты і іншыя спецсродкі, і ў адказ на гэта людзі ў многіх раёнах сталіцы выйшлі на вечаровыя акцыі пратэсту. 

Аляксандра затрымалі 27 кастрычніка, і да суда ён знаходзіўся ў СІЗА-1 на Валадарскага. Мужчыну прызналі палітычным зняволеным. 

Геджадзэ сваю віну прызнаў часткова. На судзе ён не адмаўляў, што перавозіў покрыўкі, але казаў, што не ведаў, для чаго іх будуць выкарыстоўваць. Да пачатку слуханняў па справе палітвязень кампенсаваў пазоў ад МНС на пакрыццё шкоды ў памеры 66,36 рублёў.

Пракурор запрасіў пакараць палітвязня трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такі прысуд і вынес суддзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0