30 студзеня на аўкцыёне ў гандлёвым доме «Усходні» прададзены першы аўтамабіль, канфіскаваны ў вадзіцеля, двойчы за год затрыманага п`яным за рулём.

«Фіят Сціла» 2002 года, дызельны, з аб`ёмам рухавіка 1,9 л, быў выстаўлены на продаж па цане крыху больш чым 28 млн. рублёў. Таргі пачаліся з 29,5 млн. рублёў.

У выніку аўтамашыну набыў мінчанін за 46 млн. рублёў.

13 лістапада 2013 года суд Першамайскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб канфіскацыі аўтамабіля ў 28-гадовага вадзіцеля за ваджэнне ў стане алкагольнага ап`янення. Гэта быў першы выпадак прымянення арт. 317-1 КК пасля ўваходжання ў сілу паправак, якія ўзмацняюць адказнасць за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап`янення. 

Вадзіцель «Фіята» быў спынены на МКАД 27 кастрычніка. Пасля агляду ў крыві вадзіцеля выяўлена 1 праміле алкаголю. 14 кастрычніка 2013 года ён ужо затрымліваўся за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап`янення. Тады ён быў аштрафаваны і пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам. 

13 лістапада ў будынку АДАІ Першамайскага раёна Мінска адбылося выязное судовае пасяджэнне па гэтай справе. Варта адзначыць, што падсудны поўнасцю прызнаў сваю віну, што было ўлічана судом пры вынясенні прыгавору. Асуджанаму было прызначана пакаранне ў выглядзе 18 месяцаў папраўчых работ з утрыманнем 20% дахаду ў бюджэт, штрафу ў памеры 300 базавых велічынь (39 млн. рублёў), пазбаўлення правоў на 3 гады, а таксама канфіскацыі аўтамабіля «Фіят», за рулём якога знаходзіўся абвінавачаны. 

Аўтамабіль, на якім было ўчынена злачынства, зарэгістраваны на іншую асобу.

4 снежня ў прысутнасці журналістаў судовыя выканаўцы суда Першамайскага раёна Мінска канфіскавалі «Фіят Сціла» са штраф-стаянкі ў раёне Уручча. Працэдура канфіскацыі машыны са штрафстаянкі ўключала яе вопіс, пагрузку на эвакуатар. «Фіят» быў адпраўлены на склад часовага захоўвання. Затым яго павінна была ацаніць камісія па працы з маёмасцю пры адміністрацыі Першамайскага раёна і выставіць на таргі праз ГД «Усходні».

Папраўкі ў заканадаўства, якія ўзмацняюць адказнасць за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап`янення, набылі моц 24 кастрычніка. За паўторнае на працягу года ваджэнне ў нецвярозым стане цяпер прадугледжана спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку незалежна ад таго, належыць ён вадзіцелю ці не. 

Узмоцнена адказнасць за язду ў нецвярозым стане — штраф цяпер складзе да 100 базавых велічынь. Арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў) прадугледжвае пры ўчыненні ДТЗ у стане алкагольнага ап`янення, што пацягнула смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў, смерць дзвюх і больш асоб — пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?