Мяркуючы па ўсім, выбар беларускіх уладаў невыпадковы.

У ліпені гэтага года тэндаравы цэнтр Мінгарвыканкама абвясціў конкурс на закупку паслугі па распрацоўцы брэнду Мінска. З дзясятка кампаній, што падалі заяўкі, журы мусіла выбраць адну, якая і распрацуе брэнд беларускай сталіцы, а менавіта створыць лагатып і фірменны стыль горада. На гэтыя мэты з бюджэту выдзелена 300 мільёнаў рублёў. У канцы жніўня было абвешчана, што брэнд Мінска створыць брытанская кампанія INSTID, якая, як паведамляецца, раней рэалізавала аналагічны праект для Лондана.

Неўзабаве пасля гэтага ў рэдакцыю «Беларускага партызана» паступіла некалькі лістоў ад розных адрасатаў, у якіх паведамлялася, што гэтую брытанскую кампанію насамрэч узначальваюць беларусы, і не проста беларусы, а беларуская апазіцыя.
Так, у адным з лістоў, дасланых на пошту рэдакцыі, гаварылася, што дэпартаментам даследаванняў кіруе нехта Наташа Гранд (раней насіла прозвішча Лешчанка, выпускніца БДУ і аўтар шэрагу артыкулаў па грамадска-палітычнай тэматыцы). У якасці доказу апазіцыйнасці кіраўніка дэпартамента даследаванняў брытанскай кампаніі прыводзіцца цытата з яе старога артыкула: «Беларускі рэжым характарызуецца наяўнасцю палітвязняў, самавольнымі арыштамі, збіццём палітычных актывістаў, абмежаваннем фундаментальных дэмакратычных правоў. Больш за тое, усеўладдзе службаў бяспекі спарадзіла атмасферу страху ў беларускім грамадстве». Таксама аўтар ліста паказвае на тое, што на актуальнай версіі сайта ў ліку экспертаў кампаніі INSTID прысутнічае вядомы журналіст «Белгазеты» Віктар Марціновіч.

Праз некалькі дзён рэдакцыя «Белпартызана» атрымала яшчэ адзін ліст з крытыкай пакуль не створанага брэнду Мінска і кампаніі INSTID. Усё гэта дало падставы думаць, што аўтары гэтых лістоў — зайздроснікі з кампаній, якія прайгралі тэндар на распрацоўку брэнду і вырашылі скампраметаваць ангельскую фірму, выкарыстоўваючы незалежныя рэсурсы. Аднак нягледзячы на гэта, рэдакцыя вырашыла разабрацца, што адбылося.

У паведамленні дзяржагенцтва БелТА, гаворыцца, што INSTID раней распрацоўвала брэнд Лондана. Аднак на сайце кампаніі пра гэта няма ні слова. Няма там і ніякіх работ, фатаграфій і відэаролікаў, якія даюць уяўленне аб прапанаваных кампаніяй паслугах. З карыснай інфармацыі там толькі пералік 14 кліентаў кампаніі (сярод іх МЗС Беларусі, пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі, 6 кліентаў з Расіі і 2 з Амерыкі), а таксама аб’ява пра пошук людзей з Мінска «на пазіцыі мэнэджара праекта, медыямэнэджара і спецыяліста па сувязях са спонсарамі».

Варта таксама адзначыць, што ў сваім нядаўнім інтэрв’ю «Еўрарадыё» Наталля Гранд прызнала, што і канкрэтных прапановаў па іміджы Мінска ў кампаніі пакуль не маюць.
Паводле яе словаў, перш за ўсё спецыялісты з INSTID збіраюцца правесці даследаванне сярод жыхароў беларускай сталіцы, якія павінныя дапамагчы вызначыць характэрныя рысы горада.

Нейкага ціску з боку кампаній, што прайгралі конкурс, і процідзеяння працы ў Беларусі, паводле прызнання самой Наталлі Гранд, INSTID не адчувае.

«Нашу працу і дзейнасць сустракаюць у Мінску з вялікай цікавасцю. Людзі, асабліва з творчых колаў і студэнты, прапануюць сваю дапамогу і ўдзел. Ёсць цікавасць з боку бізнэсу» — сказала Гранд «Беларускаму партызану».

«Улады нармальна супрацоўнічаюць. Праект атрымлівае шырокае асвятленне ў медыях. Даследаванне ідзе па плане, мінчане ахвотна дзеляцца сваімі думкамі, задумваюцца над пастаўленымі пытаннямі», — паведаміла яна.

Аднак для незалежных экспертаў выбар тэндарнага цэнтра Мінгарвыканкама выглядае дзіўна.

Так, у дырэктара маркетынгавай і PR-кампаніі ТАА «Агенцтва дзелавых сувязяў» Валянціна Лопана факт таго, што брэнд Мінска будзе распрацоўваць брытанская кампанія, выклікае шчырае здзіўленне.

«Пасля такіх конкурсаў усе брэндынгавыя кампаніі краіны мусяць проста самаліквідавацца, таму што гэта ганьба,
— лічыць Лопан. — Я не ведаю, паводле якіх крытэраў іх выбралі, але тое, што яны прапануюць (нейкія семінары, канферэнцыі і г.д.) — гэта проста распілоўванне бюджэту і скалананне паветра. Варта толькі паставіць задачу — распрацуйце нам, намалюйце — і дзясяткі беларускіх дызайнераў прапануюць гатовую канцэпцыю. Менш трэба камплексаваць, менш праводзіць усялякіх там канферэнцый, а трэба проста справу рабіць».

«У Беларусі шмат людзей, якія могуць зрабіць гэта на вельмі добрым, годным узроўні», — перакананы Лопан.

Як высветліў «Беларускі партызан», Наталля Гранд таксама з’яўляецца аглядальнікам прэсы на канале BBCWorldTVChannel у праграме WorldBusinessReport, дзе каментуе падзеі ў краінах СНД. Мае ступень доктара сацыялогіі, атрыманую ў Лонданскай школе эканомікі. Спецыялізуецца Гранд на вывучэнні палітычных ідэалогій, нацыяналізму і працэсаў нацыянальнага будаўніцтва, а таксама палітычных і прадпрымальніцкіх рызык у Расіі і краінах СНД і з’яўляецца аўтарам двух навуковых артыкулаў аб посткамуністычным развіцці Беларусі, у цэлым крытычных у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Аднак апазіцыйнай кампанію INSTID назваць вельмі складана.
Сваю вядомасць INSTID (раней пазіцыянаваўся як Інстытут дзяржаўных ідэалогій) атрымаў у 2009–2010 гадах, пасля таго як Беларусь разарвала адносіны з брытанскім піяршчыкам, лордам Цімаці Бэлам. Афіцыйны Мінск быў незадаволены тым, як Bell Pottinger Group правяла кампанію па паляпшэнні іміджу Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі ў краінах Еўрасаюза. Вызваленую нішу спрабавалі заняць многія, у тым ліку INSTID, прапанаваўшы крыху іншую канцэпцыю. Але да кантракту справа не дайшла.

Характэрная таксама рэакцыя кампаніі INSTID на ўвядзенне ЕС санкцыяў супраць беларускага рэжыму пасля фальсіфікацый выбараў 2010 года і масавых рэпрэсій супраць апазіцыі. У сваім блогу Наталля Лешчанка-Гранд піша, што ўвядзенне санкцый — неэфектыўны падыход. А беларускаму кіраўніцтву раіць не выконваць патрабаванняў ЕС (выпусціць на свабоду затрыманых 19 снежня і правесці новыя выбары). Гэта ёй здаецца ненатуральным бо «існуе небяспека страціць твар, наўпрост і публічна падпарадкоўваючыся чужой волі». Гранд замест гэтага заклікае «будаваць ўзаемадзеянне з Еўропай у сферах, якія не закранаюць санкцыі ЕС. Дзе не працуе палітыка, трэба каб працавалі эканоміка і культура».

На пытанне, чым выкліканыя такія ашаламляльныя змены палітычных поглядаў, Наталля Гранд заявіла наступнае:

— 12 гадоў я займаюся вывучэннем беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і ідэалогій, абараніла па гэтай тэме дысертацыю ў Лондане, маю навуковыя публікацыі ў англамоўных часопісах. Мая пазіцыя была і застаецца ў тым, што для развіцця Беларусі важнае і карыснае ўзаемадзеянне з навакольным светам, і такому ўзаемадзеянню трэба спрыяць. Менавіта з гэтай пазіцыі я выступала і выступаю на самых розных пляцоўках і звяртаюся да ўсіх аўдыторыяў — ад апазіцыі да ўладаў і звычайных грамадзян. Я размаўляю з усімі, хто мае магчымасць уплываць на сітуацыю, не прымыкаючы да аднаго лагера. Я дзейнічаю паслядоўна і сваю пазіцыю трымаю выразна. Што да гэтага праекта, то ён не за ўлады і не супраць уладаў. Ён за Мінск.

Улічваючы такую пазіцыю кіраўніцтва кампаніі, выбар беларускіх уладаў ужо не здаецца такім дзіўным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?