Сацыяльна-дабрачынная акцыя «Пасяліце ў доме радасць!» у падтрымку дзяцей-сірот і Міжнароднага тыдня птушак пройдзе 6 красавіка (пачатак у 12.00) у сталічным Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага.

Арганізатарамі акцыі выступілі экалагічная гімназія № 19 Мінска, Станькаўскі дзіцячы дом, рэдакцыя часопіса «Сад моей мечты» пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь, падчас акцыі плануецца прадаваць і развешваць шпакоўні, зробленыя выхаванцамі Станькаўскага дзіцячага дома. Кожны з 100 домікаў для птушак можна будзе купіць за 30 тыс. рублёў. Усе сродкі будуць пералічаны на рахунак дзіцячага дома. У межах акцыі таксама запланаваны расказ пра Міжнародны тыдзень птушак, які адзначаецца ў многіх краінах з 1 па 10 красавіка. Акрамя таго, адбудзецца ўзнагароджванне гасцей сталіцы з «птушынымі прозвішчамі».

Усяго ў мерапрыемстве возьмуць удзел каля 100 чалавек, у тым ліку міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко, медыяаперсоны, курсанты Мінскага сувораўскага вучылішча.

Як адзначыла Пенязь, Дзень птушак (1 красавіка) з’яўляецца самым «старым» святам экалагічнага календара. У СССР ён адзначаўся з 1927 года. Усяго ў Беларусі зарэгістравана 320 відаў птушак. За апошнія дзесяцігоддзі колькасць папуляцый некаторых з іх значна вырасла. Паводле ацэнак арнітолагаў, колькасць лебедзя-шыпуна ў краіне дасягнула тысячы пар. У той жа час з тэрыторыі Беларусі знікла папуляцыя рэдкай стэпавай птушкі драхвы, перасталі гнездавацца сокалы-сапсаны — найбольш хуткія паляўнічыя сярод птушак. Больш за 70 відаў птушак занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі ў як рэдкія або якія выміраюць. У іх ліку беркут, арлан-белахвост, глушэц, вяртлявая чарацянка, шэры журавель.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?