Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Андрэй Юрчанка 5 красавіка прызнаў правамернымі папярэджанне КДБ, вынесенае актывістцы апазіцыі Таццяне Шамбалавай, і пастаноўку яе на прафілактычны ўлік.

Як раней паведамлялася, Шамбалава была пастаўленая на прафілактычны ўлік 9 лютага. Ёй было ўручана афіцыйнае папярэджанне за дзейнасць у складзе не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і ўдзел у несакцыянаванай акцыі ў Мінску 19 снежня 2010 года, што, на думку супрацоўнікаў КДБ, можа прывесці да ўчынення злачынстваў, прадугледжаных адпаведнымі артыкуламі КК -193-1 і 293. Пазней Шамбалава падала ў суд скаргу на дзеянні супрацоўнікаў УКДБ па Магілёўскай вобласці.

У судзе Шамбалава і яе прадстаўнік Барыс Бухель заявілі, што супрацоўнік КДБ Андрэй Махуноў беспадстаўна назваў яе «кіраўніком гарадскога аддзялення партыі БХД». «Гэтыя сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці і з’яўляюцца неабгрунтаванымі і падманнымі выдумкамі, таму што такой партыі ў Рэспубліцы Беларусь не існуе. На самай справе я з’яўляюся магілёўскім каардынатарам арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі БХД і яе заснавальнікам», — зазначыла Шамбалава.

Актывістка апазіцыі лічыць, што ёй нельга ставіць у віну факт аднаразовай прысутнасці 19 снежня ў Мінску на несанкцыянаваным мерапрыемстве, за якое яна панесла адміністрацыйнае пакаранне, хаця ніякага ўдзелу ў масавых беспарадках не прымала.

Барыс Бухель таксама заяўляў, што УКДБ выйшла за межы сваіх паўнамоцтваў, выносячы папярэджанне па артыкулах, па якіх справа распачыналася іншымі праваахоўнымі органамі.

Прадстаўнік УКДБ Дзмітрый Арцыкаў, які прысутнічаў на судзе, сцвярджаў, што вынесенае папярэджанне і пастаноўка на прафілактычны ўлік абсалютна правамерныя.

Пры разглядзе справы суддзя Юрчанка браў пад увагу таксама прадастаўленыя УКДБ раздрукоўкі ананімных каментарыяў і навіновых заметак з інтэрнэту, дзе Шамбалава называлася «прадстаўніком БХД». У выніку быў вынесены вердыкт — у задавальненні скаргі на УКДБ па Магілёўскай вобласці адмовіць.

Як паведаміла Таццяна Шамбалава, яна мае намер абскардзіць гэтае рашэнне суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?