Тыя, хто цалкам упэўненыя у выніках беларускіх прэзідэнцкіх выбараў, усё яшчэ не могуць зарабіць на дакладнасці сваіх прагнозаў.
Букмекерскія канторы ўсё яшчэ не стварылі ніводнай лініі, датычнай вынікаў нацыянальнага галасавання.Чакаць гэтага ад беларускіх кантор было б наіўным, хоць заканадаўства і не забараняе ім прымаць стаўкі.
Няма рэакцыі на беларускія выбары і ў свеце. Напрыклад, адна з найбуйнейшых букмекерскіх кантор у свеце, англійская William Hill з усіх палітычных падзей абрала лініі, датычныя выбараў у Велікабрытаніі і ЗША.
Фаварытам у Амерыцы з'яўляецца дзейсны прэзідэнт Барак Абама. Паставіўшы на яго $100, можна атрымаць $200 пры ягонай перамозе.
Выбары ў Велікабрытаніі прадугледжваюць большую разнастайнасць ставак, сярод іх такія як угадванне новага лідару кансерватараў ці мэру Лондана.
Расійскія сайты, у сваю чаргу, прымаюць прагнозы наконт прызначэння новага мэра Масквы. Сярод кандыдатаў Сяргей Сабянін, Сяргей Шайгу і нават Валянціна Мацвіенка.
Разам з тым варта прызнаць, што
беларусы не цураюцца палітычных прагнозаў.Стаўкі на вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне карысталіся папулярнасцю і ў нашай краіне. Паміж Юліяй Цімашэнкай і Віктарам Януковічам беларусы ставілі на перамогу першай, якая, нагадаем, атрымала паразу.