На мерапрыемства, якое адбылося ў рэстаране Палаца воднага спорту, запрасілі медалістаў Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Ванкуверы, кіраўнікоў федэрацый і спартыўных чыноўнікаў.
Першай на ганаровую чырвоную дарожку выйшла біятланістка Дар’я Домрачава – бронзавая медалістка гульняў у Ванкуверы. А апошнім у парадзе прызёраў быў першы ў гісторыі незалежнай Беларусі залаты прызёр Зімовых алімпійскіх гульняў фрыстайліст Аляксей Грышын.
Афіцыйная частка мерапрыемства з прамовамі спартовых чыноўнікаў з НАК хутка перайшла ў неафіцыйную. Вядучая Люся Лушчык аб’явіла прысутным аб тым, што да віншаванняў далучаюцца зоркі беларускай эстрады – Анатоль Ярмоленка, Алеся, Ірына Дарафеева і іншыя. Пасля гэтага зоркі не маглі не заспяваць. А.Ярмоленка, што праўда, умудрыўся яшчэ і адарыць чэмпіёнаў уласнымі альбомамі. Аднак падчас гэтага трошкі зганьбіўся – дыскаў аказалася значна менш, чым спартоўцаў. Прыйшлося паабяцаць выслаць кружэлкі кожнаму асабіста.
Алеся вырашыла праспяваць савецкія шлягеры разам з кіраўніцтвам Нацыянальнага алімпійскага камітэта і спартоўцамі, што было ўспрынята большасцю прысутных вельмі пазітыўна.
На завяршэнне міністр спорту і турызму Алег Качан узнагародзіў спартоўцаў падарункамі і дыпломамі ад свайго Міністэрства. Паабяцаўшы і далей трымаць такі высокі ўзровень у спартовых дасягненнях.
На чырвонай дарожцы Дар'я Домрачава.
Кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Аляксей Грышын.
Анатоль Ярмоленка, Алеся ды Ірына Дарафеева.
Галоўны трэнер па фрыстайле Мікалай Казека і яго гадунец алімпійскі чэмпіён Аляксей Грышын.
Медалі Ванкувера.
Анатоль Ярмоленка адорвае пераможцаў сваімі дыскамі.
Спявае Алеся...
...і кіраўніцтва НАК.
Міністр спорта і турызма Алег Качан узнагароджвае паралімпійцаў.