Георгій Дзмітрук, Дзяніс Садоўскі, Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова

Георгій Дзмітрук, Дзяніс Садоўскі, Віталь Рымашэўскі, Вольга Кавалькова

«Выключэнне актывістаў — партыйнае самаачышчэнне»

Нагодай для канфлікту стаў з'езд БХД у Варшаве. Сустаршыня партыі Георгій Дзмітрук даводзіць, што з арганізацыі выключылі Вольгу Кавалькову, Віталя Рымашэўскага, Дзяніса Садоўскага і Алега Аксёнава — за «рэйдарскі захоп партыйных сродкаў камунікацыі», у выніку чаго арганізацыя аказалася ізаляванай ад знешняга свету.

Яшчэ адна прычына выключэння — непавага актывістаў да зʼезду.

Яны праігнаравалі запрашэнне і не далі справаздачу за апошнія тры гады сваёй дзейнасці. Ім у віну выстаўленае таксама «фальшаванне рашэння Нацыянальнай рады».

Георгій Дзмітрук называе выключэнне паплечнікаў «партыйным самаачышчэннем» і заклікае іншыя партыі пайсці тым жа шляхам.

«Самаачышчэнне — гэта нармальны палітычны працэс унутры кожнай партыі. Мы з ім справіліся», — запэўнівае ён.

Дзмітрук адзначае, што для БХД гэта была балючая, але неабходная працэдура.

Паводле яго, выключаныя з партыі асобы глыбока інтэграваныя ў іншыя палітычныя праекты.

«Навошта ім БХД? Яны зрабілі дастатковую колькасць іншых арганізацый. Яны перасядуць у іншы свой караблік і паплывуць далей. Ім ёсць куды сыходзіць, — тлумачыць ён. — Не могуць людзі, якія згубілі сувязь са сваёй партыяй, быць яе прадстаўнікамі. Галасаванне аб выключэнні было амаль аднагалосным».

Цяпер прадстаўніком партыі ў Каардынацыйнай радзе з’яўляецца Віталь Рымашэўскі.

Па словах Дзмітрука, БХД не дэлегавала Рымашэўскага ў Раду. Туды былі пададзеныя іншыя кандыдатуры, але яны не былі зацверджаныя.

10 лютага актывісты БХД пастанавілі, што адзіным лідарам партыя зʼяўляецца Павел Севярынец. Ён разам з Дзмітруком сустаршынствуе ў арганізацыі.

«Гэта прафанацыя, а не з'езд»

Дзяніс Садоўскі настойвае, што 10 лютага ніякага зʼеду не было, а адбыўся сход суполкі эмігрантаў, большасць з якіх не мела дачыненне да БХД.

Паводле яго, з двух дзясяткаў удзельнікаў не больш за пяць былі сябрамі партыйнага аргкамітэту.

«Гэта прафанацыя, а не зʼезд. Ніякага выключэння Рымашэўскага, Кавальковай, Садоўскага і Аксёнава не было. Ёсць кіраўніцтва, якое абіралася на сапраўдным зʼедзе ў Беларусі. Мы працягваем працу як з тымі сябрамі, якія знаходзіцца ў Беларусі, так і з тымі, хто за мяжою», — даводзіць партыец.

Садоўскі кажа, што паўгода таму рашэннем Нацыянальнай рады Георгій Дзмітрук і Дзяніс Дудкін самі былі выключаныя з партыі, таму Дзмітрук — ніякі не сустаршыня і не сябра аргкамітэта БХД.

Садоўскі называе Дзмітрука правакатарам, які вядзе дэструктыўную дзейнасць па дыскрэдытацыі партыі.

Паводле Садоўскага, Дзмітрук зарэгістраваў у Польшчы фонд «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», ад якога і дзейнічае.

Партыец кажа, што атрымліваў ад Дзмітрука запрашэнне на сход, але ён і яго паплечнікі палічылі, што «няма сэнсу хадзіць на мерапрыемства, якое не мае дачыненне да БХД».

Па яго словах, за два дні «да зʼезда Дзмітрука» быў праведзены партыйны сход, на які сабрала пад 50 чалавек. У ім удзельнічалі актывісты БХД нават з Беларусі. 95% актывістаў партыі знаходзіцца ў Беларусі, падкрэслівае Садоўскі.

Вольга Кавалькова на просьбу пракаментаваць яе выключэнне з партыі даслала «прэс-рэліз БХД».

У ім гаворыцца, што Дзмітрук «з-за парушэнняў аргкамітэта беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» выключаны са складу арганізацыі на пачатку 2022 года.

«Пры гэтым Георгій Дзмітрук свядома ўводзіць у зман беларускія СМІ, выдаючы дзейнасць сваёй прыватнай ініцыятывы за працу аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі», — адзначаецца ў ім.

У ім таксама гаворыцца, што ў Дзмітрука ёсць бізнэс у Беларусі і ён цалкам залежыць ад «беларускага рэжыму».

«Гэты факт дае падставы меркаваць, што правакацыі супраць БХД робяцца Георгіем Дзмітруком свядома і мэтанакіравана для дыскрэдытацыі БХД як часткі дэмакратычнага руху ў цэлым», — заяўляецца ў прэс-рэлізе.

***

Партыя БХД у Беларусі не была зарэгістраваная, хоць неаднаразова намагалася гэта зрабіць.

Ад 2005 года яна дзейнічае, як аргкамітэт па стварэнні партыйнай арганізацыі. Партыя кіруецца сустаршынямі. Да цяперашняга канфлікту імі былі Павел Севярынец, які цяпер у няволі, Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова. На сайце арганізацыі Дзмітрук не згадваецца. Акрамя Севярынца, лідарамі партыі там пазначаныя Рымашэўскі, Кавалькова і Садоўскі.

Глядзіце таксама:

«Мой дзядзька Павел». Паўлу Севярынцу — 47 гадоў

«Небеларускія сілы спрабуюць адхіліць Ціханоўскую з дапамогай Каардынацыйнай рады» — Мілінкевіч

Чацвёртым сустаршынёй БХД абрана Вольга Кавалькова

Клас
3
Панылы сорам
17
Ха-ха
13
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?