Беларуская гімназія ў Вільні. Фота: «Радыё Свабода»

Беларуская гімназія ў Вільні. Фота: «Радыё Свабода»

«Наша ініцыятыва зусім маладая, мы нават пакуль яшчэ ніяк не аформленыя, але чакаць немагчыма, трэба дзейнічаць. Рэч у тым, што ў Вільні цяпер вельмі шмат беларусаў, і хваля рэлакантаў не спыняецца. Бацькі, якія вымушана ўцякаюць з Беларусі, хочуць, каб іх дзеці навучаліся на роднай мове», — хвалюецца Марына.

На пытанне, а як жа Гімназія імя Францішка Скарыны, яна адказвае, што паступіць туды пасля пачатковай школы амаль немагчыма. Ахвотных — вялікая колькасць, а бяруць аднаго-двух. Яе дачушка, напрыклад, сёлета зноў пойдзе ў рускамоўную школу, але і тут ёсць свае нюансы, тлумачыць беларуска.

«За год-два нашы дзеці не ў стане асвоіць літоўскую мову. Застаюцца або рускамоўныя школы, або польскія школы. Але хацелася б, каб дзеці вучыліся на роднай мове», — кажа жанчына.

Да верасня трэба сабраць сотні подпісаў

Адзіны выхад — адкрыць паўнавартасную беларускую школу, прытым муніцыпальную. Каб у беларускіх дзяцей была магчымасць вучыцца на роднай мове бясплатна, да верасня трэба сабраць подпісы пад адмысловай петыцыяй. А каб ініцыятыву ўспрынялі сур’ёзна, такіх подпісаў ад беларускіх бацькоў трэба сотні, тлумачыць Марына. 

«Мы склалі петыцыю на беларускай мове, пасля яна будзе перакладзеная на літоўскую і пададзеная ў самакіраванне. У нашым дакуменце мы будзем спасылацца на літоўскае заканадаўства, на тое, што нашы дзеці маюць права навучацца на роднай мове. Калі нас будзе дастаткова, то мы можам падавацца на адкрыццё менавіта муніцыпальнай школы, не прыватнай».

Шукаюць, дарэчы, не толькі тых, хто хацеў бы вучыцца ў школе, а і тых, хто мог бы там выкладаць.

«Шмат настаўнікаў былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Мы іх таксама чакаем, будзем дапамагаць ім з пацвярджэннем кваліфікацыі ў Літве — каб яны маглі ўладкавацца, маглі рэалізоўваць сябе як прафесіяналы», — запрашае Марына і кажа, што ў планах ёсць таксама і супраца са Скарынаўскай гімназіяй.

«На яе базе ўжо створана метадычная база, ёсць падручнікі, таму гэтыя аспекты праблемай не будуць».

Фота: Oko.by

Фота: Oko.by

Дзе і як падпісаць петыцыю

Каб распачаць узаемадзеянне з Дэпартаментам адукацыі Літвы і іншымі дзяржаўнымі структурамі, неабходна ведаць колькасць дзяцей, якія могуць стаць вучнямі беларускай навучальнай установы. Таму стваральнікі ініцыятывы просяць прайсці апытанне. Гэта дапаможа зразумець колькасць магчымых вучняў у новай школе.

Яшчэ адна апытанка створаная для настаўнікаў, якія валодаюць беларускай мовай i здольныя выкладаць на ёй свой прадмет.

9 жніўня на вялікім маршы салідарнасці а 18-й на Кафедральнай плошчы ў Вільні каля сцэны можна будзе падпісаць петыцыю. Шукайце валанцёраў з транспарантам пра школу. А пасля 9 жніўня на працягу тыдня з 11:00 да 23:00 у карчме «1863» (Вokšto 2, Vilnius) можна таксама пакінуць подпіс пад зваротам.

Чытайце таксама:

Беларусаў у Літве за паўгода паболела на 10 тысяч

Бібліятэка Кангрэса ЗША вылучае беларускае ў асобны раздзел

«Неабходнасці ў іх функцыянаванні няма». У Мінску ліквідуюць два ліцэі

Клас
14
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
5