Тры падзелы Рэчы Паспалітай Partitions of Polish—Lithuanian Commonwealth Три раздела Речи Посполитой

Тры падзелы Рэчы Паспалітай. Крыніца: Wikimedia Commons

Падзелы Рэчы Паспалітай і фармаванне беларускай нацыі

У польскіх гісторыкаў можна прачытаць, адзначае Латышонак, што ў час першага падзелу Рэч Паспалітая страціла перыферыйныя землі, якія былі рэдканаселеныя. Але ж гэта былі такія важныя беларускія гарады, як Полацк, Віцебск, Магілёў.

«Калі лічыць са Смаленшчынай, то палова беларускага насельніцтва апынулася ў Расійскай Імперыі. І з гэтай пары вельмі паскорылася паланізацыя на заходняй частцы, якая засталася ў Рэчы Паспалітай, бо эліта гэтай краіны пачала будаваць польскую нацыянальную дзяржаву», — сцвярджае ён.

Камісія народнай асветы, якой кіраваў у Вялікім Княстве Літоўскім епіскап Ігнацы Масальскі, увяла патрыятычнае польскае выхаванне. «Гісторыя выкладалася абсалютна з польскага пункту гледжання. Размова ішла пра выхаванне патрыёта-паляка. Фактычна ішло да ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага, што і было рэалізавана Канстытуцыяй 3 мая 1791 года», — кажа гісторык.

Адносна меркавання асобных гісторыкаў аб тым, што падзелы Рэчы Паспалітай выратавалі беларусаў, Латышонак заўважае, што на той час не існавала беларусаў як нацыі:

«Для мяне нацыя — гэта супольнасць свядомых людзей. Калі людзі лічаць сябе беларусамі. Мы ні з якай беларускай нацыяй у сэнсе палітычнай свядомасці справы не мелі. У гэты час было насельніцтва, якое гаварыла на беларускай мове, мела нейкія звычаі і традыцыі, але ніякай свядомай супольнасці не было».

Прафесар звяртае ўвагу на тое, што шляхта Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове ХVIII стагоддзя мела польскую нацыянальную свядомасць. Таксама мяшчане вялікіх беларускіх гарадоў мелі польскую нацыянальную свядомасць.

«Я хачу падкрэсліць, што гэта была нацыянальная свядомасць. Ужо тады, на пачатку XVIII стагоддзя, уваходзіць паняцце нацыі ў сучасным значэнні гэтага слова. Таму невядома, як бы ўсё адбывалася, калі б Рэч Паспалітая існавала. Можа, узнік бы народ з іншай назвай. Напрыклад, крывічы ці нават ліцвіны. Хоць у апошнім выпадку была б спрэчка славянамоўных з балтамоўнымі. Магчыма, гэта развівалася б так, як на Галіччыне. Магчыма, былі б нейкія сепаратысцкія масквафільскія настроі. Яны падмацоўваліся б з Масквы. А такога руху супраць паланізацыі немагчыма выключыць», — дзеліцца сваімі развагамі Латышонак.

Прафесар заўважае: «Галоўнае — неабходна было навучыць людзей чытаць, пісаць і зрабіць іх вольнымі. А ў Рэчы Паспалітай гэтага не было. Таму ніякай беларускай нацыі не магло быць».

Ян Матейко Канституция 3 мая 1791 г. Ян Матэйка Канстытуцыя 3 мая 1791 года Jan Matejko Constitution of May 3, 1791

Канстытуцыя 3 мая 1791 года. Ян Матэйка. Фота: Wikimedia Commons

Латышонак пагаджаецца з меркаваннем некаторых гісторыкаў аб тым, што на беларускіх землях, уключаных у склад Расіі, адбывалася паланізацыя. Вялікую ролю тут адыграла школьная сістэма, якую распрацаваў Адам Чартарыйскі.

«Калі яшчэ ў папярэднім пакаленні нават магнаты гаварылі на беларускай мове, то ў часы Чартарыйскага ўвайшла пальшчызна. Прыкладам такога каланіяльнага выхавання можна назваць Адама Міцкевіча, які ў школьныя часы напісаў паэму «Мешка, князь Навагрудка». Гэта сведчыць аб тым, што ў яго галаве быў «гарох з капустаю», — лічыць гісторык.

Вынікі паўстання 1863—1864 гадоў

Латышонак паўтарае свой тэзіс аб тым, што паўстанне прывяло да катастрофы беларускага нацыянальнага руху. «У паўстанні загінулі ці пасля яго былі сасланыя практычна ўсе беларускія паэты, пісьменнікі, мы страцілі магчымага нацыянальнага правадыра Кастуся Каліноўскага. Паміж католікамі і праваслаўнымі тады быў выкапаны вельмі глыбокі роў», — кажа ён.

Прафесар тлумачыць, што праваслаўная эліта на чале з прафесарам Міхайлам Каяловічам заклікала да задушэння паўстання. Царскія ўлады фактычна на заклік Каяловіча стварылі сялянскую міліцыю, якая адыграла вялікую ролю ў задушэнні паўстання.

«Парасткі нейкага расійскага лібералізму, славянафільства таксама былі знішчаныя. Ніхто не хоча прыняць да ўвагі, што расійцы ўжо тады ўводзілі беларускае школьніцтва. Быў надрукаваны падручнік. Такім чынам, калі б не паўстанне, былі б беларускія школы, якія існавалі ва Украіне сотнямі. Але пасля паўстання гэтыя школы там былі скасаваныя», — звяртае ўвагу гісторык.

Латышонак спрабуе прааналізаваць, што было б з беларускім рухам на чале з Кастусём Каліноўскім, калі б паўстанне перамагло. У якасці прыкладу ён прыводзіць Заходнюю Беларусь у складзе Польскай дзяржавы. «Усе беларусы, [якія аддалі перавагу польскаму боку], змагаліся супраць бальшавізму. А ў выніку атрымалі турму і ніякіх беларускіх школ ці газет. А Кастусь Каліноўскі быў бы першай ахвярай новай сістэмы ў выпадку перамогі паўстання», — лічыць Латышонак.

Беларусы на карце 1851 года Belarusians on the kartsa 1851 Беларусы на карте 1851 года

Беларусы («літоўцы і беларусы») на карце № 6 «Географического атласа Российской империи» (1851 г.). Аўтар — тапограф і картограф Аляксандр Ваўчынін. Фота: Wikimedia Commons

Ці была забарона на ўжыванне слова «Беларусь» у ХІХ стагоддзі

Латышонак лічыць міфам сцвярджэнне гісторыкаў аб тым, што ў 1842 годзе было забаронена выкарыстоўваць назву «Беларусь». Ён адзначае, што яшчэ ў міжваенны перыяд беларускі навуковец Аляксандр Шлюбскі даказаў, што гэта няпраўда.

«Гэта было звязана з тым, што нельга называць паасобку губерні «беларускімі», «літоўскімі». Пры гэтым абсалютна не былі забаронены назвы «Беларусь» і «беларускі». Яны нават часта выкарыстоўваліся ў афіцыйнай мове», — кажа Латышонак.

Шлюбскі таксама даказаў, што не было забароны на беларускі кірылічны друк. Размова ішла пра забарону друкавання ў ХІХ стагоддзі беларускіх тэкстаў лацінкай.

Група «Гоман»

Латышонак лічыць, што група «Гоман», якая існавала ў Пецярбургу ў 1880-я гады і складалася са студэнтаў — ураджэнцаў беларускіх зямель, зрабіла ўсё што магла.

«Думаю, што на той час больш зрабіць было нельга. Гаворка ж ідзе пра нарадавольцаў, а яны ж дзейнічалі так, каб лепшы час не настаў. Бо іх дзейнасць — забойства цара Аляксандра ІІ — стала прычынай канца ліберальнай эпохі ў Расіі і пачатку рэакцыі», — мяркуе ён.

Гісторык заўважае, што гэта была ўсяго жменька людзей. Але тут цікава тое, што гэта былі прадстаўнікі ўсіх канфесій: праваслаўныя, католікі, юдэі.

«Гэта была ўжо новая Беларусь пасля Рэчы Паспалітай. Фактычна новы праект. І гэта вельмі важна. Бо ў выпадку Кастуся Каліноўскага таксама можам гаварыць толькі аб праекце — і гэта быў апошні праект Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай. А тут маем справу ўжо з новым праектам — Беларусі ў Расійскай Імперыі. Нават не ў імперыі, бо паводле іх планаў Расія мелася стаць свабоднай краінай, дзе развіваюцца свабодныя народы», — распавядае прафесар.

Латышонак звяртае ўвагу на характэрную адметнасць гоманаўцаў — іх лозунг «Беларусь для беларусаў». Пры гэтым новая Беларусь павінна была быць і для беларусаў, і для яўрэяў.

«Гэта там карані таго, што ў БССР у міжваенны перыяд ідыш быў афіцыйнай мовай. Такім чынам, калі казаць пра гоманаўцаў, то гэта вельмі і вельмі прагрэсіўная думка. І мы мала падкрэсліваем той факт, што Беларусь пасля прыгону і паншчыны мела быць краінай для беларусаў і яўрэяў. Ні для палякаў і ні для расійцаў, бо тады лічылася, што палякі — гэта паны, а расійцы — гэта бюракратыя, сілай насаджанае чыноўніцтва. Гоманаўцы лічылі, што беларускі народ — гэта сяляне і яўрэйскі пралетарыят».

Асаблівасці беларускага руху 90-х гадоў ХІХ стагоддзя

У 90-я гады ХІХ стагоддзя многія палякі бралі ўдзел у друкаванні беларускіх кніжак на тэрыторыі Польшчы і ў нелегальным перапраўленні іх на беларускія землі. Палякі нават пісалі беларускія лемантары. Вядома, што ў гэтым удзельнічаў нават сам Юзаф Пілсудскі — будучы лідар Польскай дзяржавы. Такія факты давалі падставу расійскім шавіністам у той час і нават цяпер сцвярджаць, што беларускі рух — гэта польская інтрыга супраць адзінага (ці трыадзінага) расійскага народа.

Юзаф Пілсудскі Юзеф Пилсудский Józef Piłsudski

Юзаф Пілсудскі (другі справа) падчас навучання ў Віленскай гімназіі, 1885 год. Фота: Wikimedia Commons

Прафесар Латышонак на такі тэзіс заўважае, што, у сваю чаргу, палякі лічылі ўсё беларускае расійскай інтрыгай ці нямецкай.

«Кожны глядзіць са свайго боку і не хоча зразумець, што тут не было ніякай інтрыгі, што мільёны людзей хацелі прызнання іх значэння і хацелі свайго голасу.

У тагачаснай феадальнай сістэме Расіі сялянам прабіцца было вельмі і вельмі складана.

Няма чаго хаваць, што большасцю беларускай грамады і будучай беларускай нацыі былі якраз сяляне. І яны маглі толькі праз беларушчыну выбіцца на свабоду. Ні палякі, ні расійцы не прызнавалі існавання беларусаў», —

тлумачыць Латышонак і заўважае, што частка палякаў гэтую праблему разумела. Але гэта былі нашы мясцовыя палякі, якія мелі вельмі складаную ідэнтычнасць.

У якасці прыкладу ён прыводзіць Юзафа Пілсудскага, які, на погляд прафесара, быў адначасова і палякам, і ліцвінам, і беларусам. Ёсць сведчанні, што ён падаваў сваю нацыянальнасць як беларус. Асабліва так было ў маладосці. Напрыклад, вядома, калі яго арыштавалі, то Пілсудскі ўласнаручна напісаў, што ён беларус.

«Але трэба разумець, што на той час гэта не азначала, што ён не быў палякам і што не быў ліцвінам. Гэта быў этнічны беларус, гістарычны ліцвін і палітычны паляк. І такіх людзей з патройнай тоеснасцю было шмат сярод палякаў Беларусі. А з іншага боку, некаторыя з тых, хто далучыўся да беларускага руху і быў беларусам, таксама адчувалі сваю спалучанасць з польскай культурай, а часам нават з польскай палітыкай», — 

тлумачыць Латышонак.

Мода на сацыялізм і беларускі нацыянальны рух

Гісторыкі лічаць, што пэўную ролю ў распаўсюджванні тых або іншых ідэй у канкрэтныя адрэзкі часу адыгрывае мода на ідэі. На пачатку ХХ стагоддзя з Санкт-Пецярбурга ішла мода на сацыялізм.

Латышонак падкрэслівае, што гэта мода атрымала папулярнасць сярод інтэлігентаў, а не сярод сялян. Ён тлумачыць:

«Сяляне мелі моцнае пачуццё ўласнасці, а інтэлігенцкі беларускі рух казаў ім нешта пра сацыялізм. Гэта была дзіцячая хвароба сацыялізму. І гэтым тлумачыцца тое, чаму заможныя сяляне не хацелі падтрымліваць беларускі нацыянальны рух, а падтрымлівалі манархісцкі заходнерусізм. Пры гэтым разлічваць на падтрымку арыстакратыі было немагчыма».

Менавіта гэтымі адметнасцямі вызначаецца логіка працэсу пабудовы нацый у нашай частцы Еўропы. «Гэтыя нацыі абапіраліся на сялян, а сяляне хацелі зямлі. Нечага асаблівага ў беларусаў не было. І літоўцы, і латышы, і эстонцы скасавалі арыстакратыю, разглядаючы яе як чужую. І няважна, кім сябе лічылі тыя арыстакраты. Проста ўзялі і падзялілі гэтую зямлю між сялянамі, і тым самым стварылі вялікі і моцны падмурак сваіх нацый», — даводзіць гісторык.

Ці былі шанцы захаваць балта-славянскае Вялікае Княства Літоўскае ў ХХ стагоддзі

Патройная ідэнтычнасць была шмат у каго ў тыя часы. Апошняя спроба беларускіх дзеячаў захаваць Вялікае Княства Літоўскае (якое фактычна было ідэалогіяй краёўцаў) датуецца 1918 годам. Да яе былі схільныя браты Луцкевічы, Язэп Лёсік. Тады ж дзейнічаў Раман Скірмунт, які далучыў да гэтай дзейнасці Гераніма Друцкага-Любецкага, Станіслава Радзівіла і іншых.

На думку Латышонка, шанцаў захаваць балта-славянскае Вялікае Княства Літоўскае ў той час ужо не было. Перш за ўсё гэтага не хацелі літоўцы, якія імкнуліся пабудаваць этнічна літоўскую дзяржаву.

Раман Скірмунт Роман Скирмунт Raman Skirmunt

Раман Скірмунт. Фота: Wikimedia Commons

«Іх амбіцыі сягалі тэрыторыі нават Мінска. А ўжо дакладна славянская частка з Гроднам, Лідай і Наваградкам павінна была праз некаторы час быць Літвой. Не было з літоўцамі размовы. Яны былі на іншым этапе развіцця», — распавядае Латышонак.

Гісторык лічыць, што праект адраджэння Вялікага Княства Літоўскага быў народжаны беларусамі, якія разумелі сваю слабасць. Ён нагадвае, што з падобных прычын і савецкія ўлады хацелі захаваць ВКЛ у выглядзе літоўска-беларускай савецкай рэспублікі, так званай ЛітБел.

«Але аказалася, што тыя нацыі, якія ўжо мадэрныя, не трымаюцца традыцый. Трэба сказаць, што лагічна Вялікае Княства Літоўскае як літоўска-беларуская дзяржава з правамі палякаў і яўрэяў павінна была быць пабудаваная. Але такі быў гістарычны працэс, што гэта было немагчыма.

Беларусы і самі даволі хутка зразумелі, што няма з кім пра гэта гаварыць, і ў 1917 годзе Вацлаў Ластоўскі кінуў лозунг адзінай непадзельнай і незалежнай Беларусі», —

выказвае свой погляд Латышонак.

Ці былі ў БНР шанцы выстаяць?

Вядома, што на мірнай канферэнцыі ў Версалі, дзе беларусы спрабавалі здабыць прыхільнікаў, французы і немцы не хацелі нічога чуць пра нейкую Беларусь, але затое ведалі з гісторыі пра Літву.

«Гэта факт, што Беларусь была невядомай краінай. І калі параўноўваць з усімі суседнімі краінамі, была ў найгоршым становішчы, калі мова ідзе пра вядомасць у свеце», — лічыць гісторык.

Але, на погляд вучонага, па вялікім рахунку, гэта не мела значэння. Да вайны беларускі рух быў яшчэ слабым, і слаба пра сябе заявіў для таго, каб быць вядомым у Еўропе. Але ў няўдачы былі зусім іншыя прычыны. Сярод іх ён называе дзве.

Borders of the Belarusian People's Republic Межы Беларускай Народнай Рэспублікі Границы Белорусской Народной Республики

Межы Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), аб'яўленыя 25 сакавіка 1918 г., і этнічная тэрыторыя беларусаў на падставе прац М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага. Фота: Wikimedia Commons

Першая — гэта бежанства, у выніку якога з Беларусі знікла палова насельніцтва. «Калі прыйшлі немцы, яны не бачылі беларускага насельніцтва. Як казаў Людэндорф: маўляў, шукалі беларусаў і не знайшлі. І не знайшлі іх немцы не таму, што ў беларусаў была нізкая нацыянальная свядомасць, але таму, што гэтыя беларусы былі [эвакуяваныя] ў глыбіні Расіі», — лічыць Латышонак.

Другой прычынай быў фронт, фронт, які распалавініў Беларусь. Як гаворыць гісторык,

«тады ў Беларусі было болей чужых жаўнераў, чым беларускіх мужчын, здольных насіць зброю. У выніку пасля падзення Расійскай Імперыі ўладу ў Беларусі перанялі бальшавікі, сярод якіх не было беларусаў, бо гэта былі бальшавізаваныя жаўнеры, якія трактавалі Беларусь як сваю здабычу, якой яны будуць кіраваць. На жаль, беларусы ваявалі на іншых франтах Першай сусветнай вайны, і іх не ўдалося своечасова сцягнуць у Беларусь».

Таму Латышонак лічыць, што БНР не мела ніякіх шанцаў. Былі толькі шанцы лепш пра сябе заявіць.

Магчыма, разважае прафесар, калі б частка беларускага актыву ў 1919 годзе не выказалася так рашуча супраць польскай акупацыі і не дайшло б да расколу ў Радзе БНР, то можна было б атрымаць ад палякаў больш, напрыклад, нейкую аўтаномію.

На думку Латышонка, калі паглядзець на ўзровень нацыянальнай свядомасці, на сітуацыю ў Беларусі, найперш на вайну, якую на беларускай тэрыторыі вялі чужыя і нашмат мацнейшыя за Беларусь дзяржавы, то на той час у БНР не было шанцаў.

«Наколькі Украіна апярэджвала Беларусь, а таксама не змагла выстаяць. А Літва пад пратэктаратам немцаў здолела стварыць сваю армію, якая спачатку не адбілася нават не ад польскай арміі, але ад інтэрвенцыі Жалігоўскага. Латышскі ўрад пэўны час знаходзіўся на англійскім крэйсеры, не маючы ні кавалка латышскай зямлі пад сваім кантролем.

Так што ў выпадку балтыйскіх дзяржаў вялікую ролю адыгралі інтэрвенцыі — спачатку немцаў, а пасля англічан», — праводзіць параўнанне гісторык.

Ацэнка падзей 17 верасня 1939 года

Латышонак лічыць, што трэба не разумець палітыкі і інтарэсу нацыі, каб адмоўна ацэньваць 17 верасня 1939 года:

«Я лічу, што тут няма чаго святкаваць, бо тое не мы зрабілі, не беларусы аб’ядналі Беларусь. Гэта рабілася абсалютна не з думкай пра беларусаў. І вырашалася ўсё ў Крамлі. … Святкаваць трэба свае перамогі. Але з другога боку, не разумець, што аб’яднанне нацыі — гэта станоўчая з'ява… Тут можна толькі развесці рукамі».

Калі згадаць пра рэпрэсіі, якія праводзіліся на далучаных землях, то прафесар звяртае ўвагу на тое, што яны закранулі найперш палякаў і яўрэяў. «Мала хто ведае, што калі гаварыць пра прапорцыі вывезеных і рэпрэсаваных, то рэпрэсіі закранулі найперш яўрэяў і толькі ў другой ступені палякаў. Проста была вывезена цэлая маёмасная эліта, земская і гарадская, а ў дадатак адміністрацыя. І гэта на 99% былі не беларусы, — тлумачыць Латышонак і дадае:

— Я вельмі спачуваю людзям, якія былі рэпрэсаваныя. Але нельга казаць, што рэпрэсавалі найперш беларусаў».

Чытайце яшчэ:

«Рэцыдывіст параіў ні ў якім выпадку не прызнавацца». Прафесар Алег Латышонак — пра тое, як сядзеў у польскай турме за часамі «Салідарнасці»

Шляхта ВКЛ паміж русінствам і польскасцю

Якімі рабамі гандляваў Наваградак і як на гэтым азалаціўся

Клас
23
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
12
Сумна
5
Абуральна
20

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?