Фота: Мінздароўя

Фота: Мінздароўя

Беларускія кардыёлагі асвоілі новую тэхналогію для прадухілення раптоўнай сардэчнай смерці, як піша БелТА.

Майстар-клас па імплантацыі цалкам падскурнай сістэмы кардыявертара-дэфібрылятара пацыенту з высокай рызыкай раптоўнай сардэчнай смерці прайшоў у РНПЦ «Кардыялогія».

Пасля аперацыі пацыент адчувае сябе здавальняюча і працягвае лячыцца ў кардыялагічным аддзяленні цэнтра.

Умяшанне выканала інтэрнацыянальная брыгада хірургаў: рэнтгенэндаваскулярны хірург аддзела арытмалогіі цэнтра Дзмітрый Анасовіч і сардэчна-сасудзісты хірург аддзела сардэчна-сасудзістай хірургіі НДІ клінічнай кардыялогіі Міністэрства аховы здароўя Расіі Ігар Грышын.

Як тлумачыцца, імплантаваныя кардыявертары-дэфібрылятары (ІКД) шырока выкарыстоўваюцца для прадухілення раптоўнай смерці ў пацыентаў, якія перанеслі небяспечныя для жыцця арытміі або перажылі раптоўнае спыненне сэрца. Пры традыцыйнай тэхналогіі электроды ІКД уводзяцца непасрэдна ў поласць сэрца пацыента. Аднак у некаторых клінічных сітуацыях выкарыстанне ўнутрысардэчнага ІДК проціпаказанае ці не лічыцца пераважаным.

У гэтых выпадках лепш імплантаваць падскурную сістэму ІКД, бо пры знаходжанні дэфібрылюючага электрода ў поласці сэрца ёсць рызыка развіцця некаторых ускладненняў. Падскурную сістэму значна лягчэй выдаліць або замяніць без рызыкі небяспечных для жыцця пашкоджанняў.

Такім чынам, у арсенале беларускіх кардыёлагаў з'явіўся яшчэ адзін эфектыўны і бяспечны інструмент, які дазваляе прадухіліць раптоўную сардэчную смерць.

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2