Таццяна Макляцова

Таццяна Макляцова

Крыніцы ў Віцебску паведамляюць, што ў той дзень затрымалі ад шасці да васьмі чалавек — супрацоўнікаў ВДТУ. Пакуль суд адбыўся толькі над спадарыняй Таццянай. Суддзя Першамайскага райсуда Віцебска Алена Жук прызнала выкладчыцу вінаватай паводле двух артыкулаў — 19.11 КаАП і 24.23 КаАП. Па першым артыкуле на жанчыну склалі два пратаколы — за падпіскі на два «экстрэмісцкія рэсурсы» ў фэйсбуку, піша «Віцебская вясна».

Яшчэ адзін пратакол быў складзены за аватарку.

На аватарцы была «рамка» са словамі Янкі Купалы «людзьмі звацца». Міліцыянты выказалі прэтэнзіі да белага і чырвонага колераў выявы.

Згодна з судовай пастановай, Таццяна Макляцова такім чынам публічна выказала свае грамадска-палітычныя інтарэсы. У выніку — штраф разам па двух артыкулах памерам 60 базавых велічынь (2 200 рублёў).

Калегі распавядаюць, што кагосьці з затрыманых 29 красавіка адпусцілі ў той самы дзень пасля складання пратакола. «Не пашанцавала» толькі Таццяне Макляцовай і яшчэ адной супрацоўніцы — 67-гадовай выкладчыцы кафедры дызайну Наталлі Тарабука. Трое сутак жанчыны былі вымушаныя правесці ў ІЧУ, а ў Віцебску ў гэтай установе «палітычным» затрыманым не даюць пасцельнай бялізны, катуюць уключаным усю ноч асвятленнем.

Праз 72 гадзіны жанчын адпусцілі, але Наталля Тарабука не змагла трапіць нават на ўласны суд, бо апынулася ў шпіталі. Яна і дагэтуль знаходзіцца на бальнічным. Суд некалькі разоў пераносілі, апошняя прызначаная дата — 13 мая. Спадарыню Наталлю таксама вінавацяць у распаўсюдзе так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Асудзіць маюць яшчэ загадчыцу кафедры канструявання і тэхналогіі адзення і абутку кандыдата тэхнічных навук Наталлю Бадзяла і загадчыцу кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу доктарку тэхнічных навук Галіну Яшаву.

Чытайце таксама:

У Віцебску судзяць выкладчыц тэхналагічнага ўніверсітэта, сярод іх загадчыцы кафедраў

Cудзяць выкладчыцу Наталлю Тарабука

«Яна ў пастаяннай малітве». Прыйшла вестачка ад Алены Гнаўк

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
54