Адкрыццё Гульняў добрай волі — 1986 у Маскве. Фота: Барыс Бабанаў / РИА «Новости»

Адкрыццё Гульняў добрай волі — 1986 у Маскве. Фота: Барыс Бабанаў / РИА «Новости»

Але ж народ (ці ідэалогія?) патрабуе спартовых відовішчаў, і расійскія і беларускія чыноўнікі шукаюць спосабы, як іх арганізаваць. Пачалі з біятлону: беларускія біятланісты паўдзельнічалі ў Кубку і чэмпіянаце Расіі, але медалі (сумленна заробленыя) не атрымалі, бо арганізатары не ўлічвалі вынікі беларусаў у медальным заліку (дапусцілі выступаць, але па такой сістэме). Паралельна з гэтым беларускія паралімпійцы спаборнічалі з расійскімі ў турніры «Мы разам. Спорт».

Цяпер жа чыноўнікі ад спорту і ўвогуле замахнуліся на Алімпіяду. 24 сакавіка пасля нарады ў Лукашэнкі міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук распавядаў, хто б мог удзельнічаць у такіх гульнях. Прапануюць запрасіць туды спартоўцаў з краін СНД, Кітая, Індыі, Пакістана, Манголіі, а таксама з краін Паўднёвай Амерыкі.

Ідэя альтэрнатыўнай Алімпіяды не новая. 80-я гады ў СССР якраз прайшлі пад знакам такіх спаборніцтваў — і цікава, што ў аснове той гісторыі, як і сёння, была вайна.

Як усё пачыналася

На працягу ўсёй халоднай вайны на міжнародных спаборніцтвах здараліся сутычкі паміж прадстаўнікамі заходніх краін і спартоўцамі з сацлагера. Але найбольш праблема сутыкнення двух светаў абвастрылася ў 1980 годзе, калі на сустрэчы НАТА прынялі рашэнне байкатаваць маскоўскую Алімпіяду таго года. Афіцыйнай прычынай называюць уварванне савецкіх войскаў у Афганістан, сярод іншых меркаваных прычын байкоту — пераслед савецкіх дысідэнтаў і абмежаванні на выезд яўрэяў з СССР.

Першай краінай, што афіцыйна вырашыла не пускаць сваіх атлетаў у Маскву, былі ЗША. Нават там не ўсе былі згодныя з такім радыкальным рашэннем, але ж спартоўцаў прымусілі падпарадкавацца пад пагрозай фінансавых наступстваў і пазбаўлення пашпартоў.

Цырымонія закрыцця Алімпіяды — 1980 у Маскве. Фота: РІА «Новости»

Цырымонія закрыцця Алімпіяды — 1980 у Маскве. Фота: РІА «Новости»

Амерыканцы моцна ціснулі на сваіх саюзнікаў. У выніку колькасць краін, што па розных прычынах не прысутнічалі на маскоўскай Алімпіядзе, дасягнула 64. Праўда, некаторыя з гэтых зборных не паехалі ў СССР па эканамічных прычынах, а не праз байкот, а тры зборныя МАК проста не запрасіў у СССР.

У ліпені таго ж года ў ЗША прайшлі спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы «Званы свабоды», у якіх прынялі ўдзел 29 краін, што байкатавалі Гульні ў Маскве.

«Дружба — 84»

Наступныя Гульні пасля маскоўскай Алімпіяды павінны былі прайсці ў ЗША, і СССР скарыстаўся магчымасцю адказаць на байкот чатырохгадовай даўнасці. На Алімпіяду ў Лос-Анджэлес не прыехалі зборныя амаль усіх краін сацблока, акрамя Румыніі, Югаславіі і КНР. Афіцыйна байкот патлумачылі адмовай арганізатараў Гульняў гарантаваць бяспеку спартоўцам з сацлагера. Але ж назіральнікі бачылі ў гэтым адказ на байкот 1980-га і нязгоду з дактрынай Картара — ідэяй пра недапушчэнне знешніх сілаў у раён Персідскага заліва і пра дапамогу ЗША афганскім душманам, што ваявалі супраць савецкага ваеннага кантынгенту ў сваёй краіне.

Пасля рашэння байкатаваць Гульні СССР арганізаваў свае спаборніцтвы — «Дружба — 84». Пры гэтым Масква падкрэслівала, што не лічыць новы турнір альтэрнатывай Алімпіядзе. «Дружба — 84» праходзіла ў дзевяці краінах, яе праграма амаль супадала з алімпійскай, вось толькі футбол і сінхроннае плаванне замянілі на самба, тэніс і настольны тэніс.

Адна з марак, выпушчаных савецкай поштай у гонар «Дружбы-84». Крыніца: commons.wikimedia.org

Адна з марак, выпушчаных савецкай поштай у гонар «Дружбы-84». Крыніца: commons.wikimedia.org

У выніку на «Дружбу» даехалі спартоўцы больш чым з 50 краін, у тым ліку з тых, што не байкатавалі амерыканскія Гульні. Вось толькі большасць атлетаў тут былі тымі, хто не прайшоў кваліфікацыю на Алімпіяду. Цікава, што некаторыя са спаборніцтваў прайшлі ў даволі экзатычных месцах: турнір па боксе арганізоўвалі на Кубе, а пераможцаў у настольным тэнісе высвятлялі ў Паўночнай Карэі. Дакладна не самыя папулярныя месцы для арганізацыі міжнародных турніраў.

Варта разумець, што байкот Алімпіяды — 1984 сацкраінамі моцна знізіў яе ўзровень у некаторых відах спорту. Гэта датычыцца, напрыклад, розных відаў барацьбы і гімнастыкі, дзе лепшымі былі якраз атлеты з краін сацлагера.

Адкрыццё «Дружбы — 84». Фота: Аляксандр Сцешанаў

Адкрыццё «Дружбы — 84». Фота: Аляксандр Сцешанаў

Пазней савецкія спартоўцы згадвалі, што атрымалі за «Дружбу» тыя ж сумы прызавых, што мелі б на Алімпіядзе, а то і вышэйшыя. Але ж не ўсё вымяраецца грашыма, і пропуск Алімпійскіх гульняў складана нечым кампенсаваць.

Гульні добрай волі

У 1984 годзе ў Савецкі Саюз прыехаў Тэд Цёрнэр, медыямагнат і заснавальнік канала CNN. Гэты чалавек меў сваё — і надта негатыўнае — стаўленне да ўсёй гісторыі з алімпійскімі байкотамі: Цёрнер лічыў, што яна не прыносіць карысці ні аднаму з бакоў канфлікту.

Тым не менш, амерыканец прыдумаў, як скарыстацца сітуацыяй. У не самы лепшы час для алімпійскага руху ён вырашыў арганізаваць альтэрнатыўныя алімпійскім спаборніцтвы, якія б перацягнулі частку ўвагі ад Гульняў. Візіт Цёрнэра ў СССР аказаўся паспяховым — савецкае кіраўніцтва падтрымала ідэю новай сацалімпіяды.

Першыя Гульні добрай волі прайшлі ў Маскве ў 1986 годзе. Пасля двух байкотаў там нарэшце сустрэліся спартоўцы з США і Савецкага Саюза, і ў нечым гэта быў знак хуткага прымірэння дзвюх дзяржаў. Невядома, ці адбылося б яно — хаця б у спорце — без спадара Цёрнэра. Той у гэтым таксама не ўпэўнены: у свой час медыямагнат казаў журналістам: «Мы дапамаглі скончыць халодную вайну».

Трэція Гульні добрай волі, 1994 год. Фота: Сяргей Кампанійчэнка / РІА «Новости»

Трэція Гульні добрай волі, 1994 год. Фота: Сяргей Кампанійчэнка / РІА «Новости»

Колькасць відаў спорту, прадстаўленых на Гульнях, вагалася ў розныя гады ад 14 да 25, а падчас самога турніру арганізатары спрабавалі зрабіць заклік да еднасці як мага мацнейшым. Напрыклад, на адкрыцці Гульняў — 1990 у Сіэтле каманды-ўдзельніцы турніру прайшлі па стадыёне не асобна адна ад адной, а адзінай масай. Больш за 1400 атлетаў, якія прыехалі ў ЗША, былі размешчаныя ў амерыканскіх сем’ях. Савецкія касманаўты наведвалі школы горада, Маскоўскі цырк і Вялікі тэатр ладзілі ў Амерыцы спектаклі.

Бяда ў тым, што Цёрнэр не жадаў рабіць Гульні добрай волі проста разавай падзеяй. Ён ладзіў іх фактычна кожныя чатыры гады — аж да 2005 года, калі турнір нарэшце давялося адмяніць. Свет змяніўся за гэтыя два дзесяцігоддзі: Халодная вайна скончылася, Савецкі Саюз сышоў у нябыт. 

Гульні добрай волі згубілі тое сімвалічнае значэнне, якое яны мелі ў 1980-я, калі спорт сапраўды аб’ядноўваў і даваў надзею на мір. Знайсці ж ідэю, якая б удыхнула ў Гульні другое дыханне, Цёрнэр так і не здолеў. Тэлевізійныя рэйтынгі турніру падалі, як і продажы білетаў, і выдаткі яўна перавышалі даходы — на арганізацыю першых трох Гульняў Цёрнэр патраціў 109 мільёнаў даляраў.

Гісторыя Гульняў добрай волі можа выглядаць прыгожай, але ж важна ўлічваць: гэты турнір на самой справе праводзіўся не замест Алімпіяды, а паралельна з ёй. З цяперашняй сітуацыяй, калі рускія і беларускія спартоўцы не могуць трапіць на міжнародныя турніры, можна параўнаць хутчэй «Дружбу — 84», калі атлеты з сацлагера на самой справе згубілі магчымасць выступіць на Алімпіядзе.

Той турнір так і застаўся разавым — спорт не прыняў сурагатныя спаборніцтвы, тым больш разлічаныя не на аб'яднанне, а, наадварот, на тое, каб раз'ядноўваць свет і спартовае асяроддзе. І ў 1988 годзе на Алімпіяду ў Сеуле паехалі як амерыканскія, так і савецкія спартоўцы.

Спартовец Андрэй Краўчанка: У мяне падпісанты праўладнага ліста пытаюцца, як ім выехаць за мяжу

Гэты спартовец выйграў для Украіны срэбра на Алімпіядзе ў Пекіне. Вось што з ім зараз

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0