У Гродзенскім абласным судзе 1 ліпеня прайшоў чарговы адміністрацыйны працэс па «справе Ціханоўскага». На лаве падсудных быў гродзенец Дзмітрый Фурманаў, якога затрымалі ў Гродне 29 мая падчас збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, піша Hrodna.life

Судзілі Фурманава па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні).

У судовым працэсе ў якасці сведак выступілі не толькі супрацоўнікі АМАПу, але і бацькі Дзмітрыя Фурманава. Яны былі 29 траўня на Савецкай плошчы і бачылі, як іх сына затрымлівалі.

Затрымалі па падазрэнні

Сведка — супрацоўнік АМАПа Андрэй Пацуй — распавёў на судзе, што Фурманава затрымалі 29 траўня ў сувязі з падазрэннем, што ён быў датычны да бойкі на плошчы, калі ўпаў супрацоўнік міліцыі.

«Фурманаў спрабаваў уцячы з месца здарэння, мы падышлі да яго па падазрэнні і прадставіліся. Ён пачаў адмаўляцца і не захацеў з намі ісці. Тады мы затрымалі яго з дапамогай сілы. У момант затрымання Фурманаў спрабаваў уцячы».

Раней у пратаколе Андрэй Пацуй пісаў, што Фурманаў удзельнічаў у бойцы на плошчы.

Другі сведка Міхаіл Хацук распавёў у судзе, што атрымаў каманду ад кіраўніцтва затрымаць датычных да бойкі.

«Выказалі здагадку, што Фурманаў можа быць датычны да бойкі. На здагадках і затрымалі. Мы яму назваліся, а ён спрабаваў сысці ад затрымання. Напарнік ужыў сілу», — растлумачыў Хацук.

Падбеглі і панеслі ў аўтамабіль

Бацькі падсуднага, Аляксандр і Вольга Фурманавы, былі сведкамі затрымання іх сына. Яны прыйшлі на плошчу за гадзіну да бойкі: прынеслі вячэру Дзмітрыю.

«Мы былі з жонкай за пяць метраў ад століка, дзе быў сын. Ён нават не паспеў перакусіць, калі яго затрымалі, — распавядае Аляксандр Фурманаў. — Ён сядзеў за сталом і прымаў подпісы, быў у баку ад бойкі. Да яго падбеглі некалькі чалавек, схапілі за рукі і ногі і панеслі ў аўтамабіль. Мы з жонкай і яшчэ некалькімі людзьмі пабеглі следам,

каб спыніць аўтамабіль. Я стаў спераду, але машына рэзка павярнула і з’ехала. Мяне зачапіла бамперам. Дзіма не чакаў, што яго затрымаюць, і таму ніякага супраціву з яго боку не было».

Бацькі толькі праз суткі даведаліся, што іх сын затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Апрытомнеў на падлозе службовага аўтамабіля

Дзмітрый Фурманаў сваю віну на судзе не прызнаў.

«Я каардынатар ініцыятыўнай групы ў Гродне. Ажыццяўляў прамыя абавязкі, што адпавядае выбарчаму кодэксу, — кажа Фурманаў. — Затрымалі мяне невядомыя асобы ў цывільным адзенні: паднялі і пацягнулі. Я пачаў зваць па дапамогу — мне ўдарылі ў твар. Апрытомнеў ужо на падлозе службовага аўтамабіля ад болевага прыёму на запясці».

Пасля затрымання Дзмітрыя даставілі ў Ленінскі РАУС. Там склалі пратакол.

«Нічога супрацьзаконнага я нават не мог зрабіць. Я быў за сталом, мяне ўзялі і панеслі. Ніхто не прадстаўляўся і патрабаванняў не вылучаў. Усе дзейнічалі моўчкі», — дадаў Фурманаў.

Суд: вінаваты

Суд прызнаў гродзенца вінаватым і прысудзіў дадаткова 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Паказанні бацькоў, як зацікаўленых асоб, суд не прыняў да ўвагі.

Раней Дзмітрыю Фурманаву было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама ён падазраваны па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У СІЗА ў Мінску Дзмітрый Фурманаў знаходзіцца ўжо месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?