Расія няўхільна скарачае аб’ём транзіту газу праз беларускую газатранспартную сістэму.

Дадатковае пагадненне наконт цаны паставак газу Беларусь з Расіяй плануюць падпісаць да канца месяца. А пакуль пастаўкі блакітнага паліва ў Беларусь здзяйсняюцца паводле пяцігадовага кантракту, падпісанага бакамі ў 2006 годзе. Адначасова будзе падпісанае і дадатковае пагадненне па ўмовах транзіту газу праз беларускую тэрыторыю. Прычынай жа затрымкі падпісання дамоваў называюцца «тэхнічныя моманты». Газета «Белорусы и рынок» піша, што бакі папросту могуць такім чынам адцягваць час да паседжання Вышэйшай дзяржрады, запланаванай на канец месяца, на якой і будуць вырашаныя ўзніклыя ў працэсе гандлю праблемы.

Што датычыць цаны на газ, то з гэтым пытаннем кіраўнікі дзвюх краінаў нібыта вызначыліся ў часе снежаньскай сустрэчы, паведамляюць афіцыйныя крыніцы. Пасля той сустрэчы, Лукашэнка заявіў, што цана на газ для Беларусі будзе «падаючай» і ўпадзе на працягу году ў 2,5-3 разы. Інфармаваная расійская крыніца паведамляла, што цана на расійскі газ для Беларусі ў першым квартале 2009 г. можа скласці $160—170.

Насцярожвае сітуацыя вакол аб’ёму транзіту газу. У час расійска-ўкраінскага канфлікту аб’ёмы транзіту газу праз Беларусь істотна выраслі. Аднак

варта прыгледзецца да размеркавання гэтага патоку паміж газатранспартнай сістэмай «Белтрансгазу» і сістэмай Ямал-Еўропа: 6 і 20 млн кубаметраў газу ў суткі адпаведна.
Тэхнічны стан беларускай сістэмы бездакорны, яе праектная магутнасць на ўваходзе складае 52 млрд куб.м. у год. Але аб’ём транзіту праз яе няўхільна скарачаецца.

У 2007 г. сістэма Ямал-Еўропа выйшла на праектную магутнасць у 33 млрд куб.м. у год і аб’ём транзіту праз беларускую трубу адразу ж скараціўся прыкладна на 14-15 млрд куб.м. Уплываць на сітуацыю Мінск не можа, бо транзіт наўпрост залежыць ад кантрактаў «Газпрому» з яго еўрапейскімі партнёрамі.

Транспарт газу па расійскім трубаправодзе абыходзіцца манаполіі ці не ўдвая танней, чым па беларускім. Аднак беларускі бок настойваў і настойвае на павелічэнні аб’ёмаў транзіту праз Беларусь. У апошні час бакі не ўдакладняюць, які аб’ём транзітнага газу перапампоўваецца «Белтрансгазам», але, выказвае здагадку «БР», беларуская газатранспартная сістэма выкарыстоўвае свае магутнасці толькі на дзве траціны.

Пра наяўнасць праблемаў у газавых адносінах гаворыць і пазіцыя дзяржаўных СМІ. Нядзельная «Панарама тыдня» па Першым нацыянальным была прысвечаная газаваму скандалу, справакаванаму дзеяннямі «Газпрому» і «Нафтагазу». Сімпатыі БТ былі відавочна на баку Кіева. Адначасова кіраўнік аналітычнага цэнтру ЕсооМ Сяргей Мусіенка заклікаў зрабіць сур’ёзныя высновы з украінскага ўроку. Па яго словах, дзеянні «Газпрому» — спланаваная акцыя па прымусе краінаў ЕС дазволіць пракладку трубы па дне Балтыйскага мора. Мусіенка лічыць, што «Беларусі трэба рабіць сур’ёзныя высновы і дзейнічаць вельмі хутка; тыя, у каго складанасці з сумленнем, думаюць зусім іншымі катэгорыямі: рубільнік і вентыль».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?