Расія на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета 30 красавіка будзе дамагацца адмены рашэння Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), якое абавязвае Расію не закрываць свой рынак для беларускага малака пры наяўнасці на яго ветэрынарных дакументаў. Пра гэта піша ў аўторак газета Коммерсант.

Выданне нагадвае, што гэтае рашэнне ЕЭК з'яўляецца рэакцыяй камісіі на абмежаванні Рассельгаснаглядам паставак у Расію малочнай прадукцыі з Беларусі. У прыватнасці, у Еўразійскім эканамічным саюзе дзейнічае норма аб узаемным прызнанні ветэрынарных сертыфікатаў, і закрыццё рынку Расіі ад сертыфікаванай беларускай прадукцыі ЕЭК прызнала парушэннем.

Рассельгаснагляд з 6 чэрвеня 2018 года забараніў пастаўкі з Беларусі некаторых відаў малака і малочнай прадукцыі.

Аднак ЕЭК палічыла інакш і фактычна абавязала Расію выконваць саюзны дагавор і прымаць беларускія ветэрынарныя сертыфікаты. Рашэнне ЕЭК уступіла ў сілу ў канцы лютага.

Паводле «Коммерсанта», 21 лютага першы віцэ-прэм'ер Расіі Антон Сілуанаў звярнуўся да старшыні ЕЭК Тыграна Саркісяна з прапановай адмяніць рашэнне ЕЭК, бо яно «дае… няправільны сігнал аб магчымасці беспакарана злоўжываць» нормай аб узаемным прызнанні ветэрынарных сертыфікатаў, бо «беларускай ветэрынарнай службай ажыццяўлялася ў тым ліку і сертыфікацыя прадукцыі з прадпрыемстваў, якія не маюць магутнасці і абсталявання» для яе выпуску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0