У Гродне пазбавілася ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці ў сферы ігральнага бізнесу і тым самым спыніла сваю працу апошняе казіно, размешчанае на тэрыторыі вобласці. Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры ІМПЗ па Гродзенскай вобласці.
Казіно пазбавілася сваёй ліцэнзіі ў ліпені ў сувязі з выяўленнем падатковымі органамі паўторнага на працягу года парушэння ліцэнзійнага патрабавання і ўмовы, што прад'яўляецца да ліцэнзіята, які ажыццяўляе дзейнасць у сферы ігральнага бізнесу. А менавіта — казіно паўторна на працягу года дапусціла запазычанасць па выплаце падатку на ігральны бізнэс.
На пачатку бягучага года за такое ж парушэнне, дапушчанае паўторна на працягу года, ліцэнзій пазбавіліся яшчэ 2 арганізацыі ігральнага бізнесу. На дадзены момант яны знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Што тычыцца апошняга казіно, то ў будучыні яно можа аднавіць дзейнасць пры ўмове атрымання ліцэнзіі, паведамілі ў ІМПЗ.
У Гродзенскай вобласці ў мінулым годзе дзейнічалі 3 казіно, усе яны размяшчаліся ў Гродне.