Фота з сайта rick.com

Фота з сайта rick.com

За навінамі на Facebook, як і ў іншых сацыяльных сетках, цяжка сачыць. Да таго ж, калі большасць сацсетак дае стужку навін у храналагічным парадку, Facebook абірае тое, што лічыць найбольш цікавым для вас, і адкідае патэнцыйна нецікавае. Многім гэта не падабаецца: пра многія падзеі можна ці даведацца праз тыдзень пасля таго, як яны адбыліся, ці не даведацца наогул. Як вырашыць Facebook.

Думаеце, вашая «разумная» стужка навін на Facebook — пекла з кучай нецікавых пастоў? Паглядзіце самі, што найбольш чытаеце. Паспрабуйце пераключыцца на храналагічны від стужкі. Не стала лепей? Пераключайцеся назад і пачытайце парады ніжэй.

Іх на сваім Facebook (дзе ж яшчэ) даў Роберт Скобл, амерыканскі блогер і былы тэхнічны евангеліст Microsoft. Дакладны механізм выбару пастоў для паказу на Facebook невядомы, але некаторыя яго асаблівасці амаль відавочныя:

  1. Падзяліцеся трыма пастамі іншых людзей на цікавыя вам тэмы. Напрыклад, калі падзеліцеся трыма здымкамі дзяцей вашага сябра, пабачыце больш здымкаў дзяцей. Тое працуе і з навінамі палітыкі ці спорту альбо фота коцікаў.
  2. Напішыце пяць арыгінальных пастоў па адной цікавай вам тэме. Калі яны будуць пра землятрус у Каліфорніі, у стужцы стане значна больш пастоў пра гэты самы землятрус.
  3. Адключыце столькі прыватнасці, колькі можаце сабе камфортна дазволіць. Няхай іншыя ведаюць пра вас усё, што вам не пашкодзіць. І дазвольце іншым сачыць (Follow) за вашай старонкай. Вашыя пасты знойдуць сваю аўдыторыю, пра існаванне якой вы і не здагадваліся. Дарэчы, інтымныя (у прыстойным сэнсе) рэчы можна посціць не публічна, а толькі для сям’і ці супрацоўнікаў.
  4. Праверце, каб вашая біяграфія была запоўненая, актуальная і публічная. Тады вас лёгка знойдуць сябры, былыя аднакурснікі і супрацоўнікі. Будзе цікавей.
  5. Занясіце ўсіх (зусім усіх!) цікавых вам сяброў у спісы блізкіх сяброў ці знаёмых. Стужка навін стане значна цікавейшай.
  6. Выдаліце з сяброў тых, хто нічога не посціць і не ўзаемадзейнічае з іншымі. Вашыя ўласныя пасты пасля гэтага стануць дасягаць большай аўдыторыі. Facebook спачатку паказвае вашыя пасты некалькім людзям. Калі гэтыя людзі не надалі пасту ніякой увагі, пост не будзе паказвацца іншым і будзе залічаны як нецікавы.
  7. Пераканайцеся, што самі лайкаеце, каментуеце і расшарываеце чужыя пасты. Гэта пакажа сацсетцы, што вам самім цікава бачыць у навінах.
  8. Уручную схавайце ўсе нецікавыя навіны — напрыклад, мемы, цытаты, сэлфі. Для гэтага ў кожным нецікавым посце націсніце на стрэлачку ў правым верхнім вуглу і абярыце «я не жадаю гэта бачыць». Тады Facebook паспрабуе схаваць іншыя аналагічныя пасты.
  9. Адпішыцеся (праз тую ж кнопку, пасля «я не жадаю» абярыце «адпісацца ад…») ад надта шумных людзей, нават калі гэта вашыя сваякі. Калі што, іх навіны можна будзе пабачыць, калі пераключыцца на «апошнія навіны» ці сярод навін па спісах сяброў.
  10. Правярайце старонку падзей (Events) прынамсі раз на месяц. Адхіляйце нецікавыя вам прапановы, пагаджайцеся на цікавыя. Так будзе зручней і вам самім, і пра цікавую падзею даведаецца больш людзей.
  11. Раз на месяц правярайце, ці не збіліся налады на сайце і ў мабільнай праграме ды асэнсуйце, што кожны пункт у наладах значыць.
  12. Уключыце функцыі бяспекі кшталту двухфактарнай аўтэнтыфікацыі. Зрабіце тое самае на пошце і ў іншых інтэрнэт-сэрвісах. Была б двухфактарная аўтэнтыфікацыя ў Джэніфер Лоўрэнс, з ёй бы не здарылася… Ну, вы памятаеце. Вы ж не хочаце так жа?
  13. Калі хочаце завесці сяброў, пераканайцеся, што ў вас ёсць дзясятак публічных пастоў, якія пра вас нешта кажуць. Не здзіўляйцеся, што вы нікому не цікавыя, калі вы самі посціце толькі сэлфі.
  14. Не дазваляйце іншым публікаваць нешта на вашай сцяне без вашага дазволу. Некаторыя любяць публікаваць лухту на чужых сценах, а потым крыўдзяцца, што яе выдаляюць.
  15. Завядзіце прынамсі 400 сяброў. У іншых карыстальнікаў людзі з меншай колькасцю сяброў выклікаюць падазрон — хутчэй за ўсё чалавек нецікавы, калі мае мала сяброў.
  16. Калі вы збіраецеся дадаць у сябры кагосьці, у каго ўжо 5 тысяч сяброў (максімум на Facebook), пераканайцеся, што маеце з тым чалавекам прынамсі 50 агульных знаёмых ці проста нагадайце, як вы пазнаёміліся — іначай вас могуць злічыць за «пустышку» ці проста спамера.
  17. Большасць пастоў усё роўна вам не пакажацца ў стужцы навін, у лепшым выпадку 1 з 10 пастоў ад чалавека. Калі вы зацікаўленыя ў канкрэтных людзях і іх навінах, прынамсі раз на тыдзень заходзьце на іх старонкі ды лайкайце і каментуйце іх пасты. Альбо занясіце гэткіх людзей у спіс і чытайце навіны спісу.
  18. На тэлефоне дазвольце геалакацыю, калі хочаце час ад часу бачыць навіны пра тое, што адбываецца вакол вас.
  19. Рабіце пасты праз сайт ці праграмы Facebook, а не экспартуйце навіны з Twitter ці УКантакце альбо старонніх праграм. «Натуральныя» пасты прыцягваюць больш лайкаў і каментароў.
  20. Будзьце актыўнымі і ў каментарах да чужых пастоў, і да сваіх уласных. Гэта дасць не толькі цікавыя дыскусіі — адкаментаваныя вамі пасты маюць лішні шанец быць паказанымі вашым сябрам.
  21. Пераразмяркуйце блокі ў левай ад навін калонцы. Навядзіце курсор на кожны пункт у калонцы і адвядзіце трошкі лявей, каб з’явілася кнопка-шасцяронка. Прыбярыце ўсё непатрэбнае.
  22. Стаўцеся да Facebook як да стравы, якую вам падаюць. Яно-та мо і смачна, але па густу лепей дадаць соўсу, пасаліць ці папярчыць. Пакажыце сацсетцы, што вам цікава і нецікава, а яе карыстальнікам — што ўласна вы цікавы чалавек.

P.S. Калі валодаеце англійскай мовай, можаце спытаць што заўгодна пра стужку навін у аўтара проста ў каментарах да запіса. Ён адказвае на практычна ўсе цікавыя пытанні.

Чытайце таксама:

Што пра нас ведаюць Google і Facebook, навошта ім тое ды як ад іх схавацца

50 асобаў у беларускім фэйсбуку, на якіх варта падпісацца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?