10 кастрычніка ў Осла будзе абвешчанае імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. Хто ж найбольш верагодныя прэтэндэнты на яе?

1. Папа Францішак (77 гадоў, Аргенціна, Ватыкан). 2 да 1.

Яшчэ ніводзін пантыфік не атрымліваў гэтай пачэснай ўзнагароды. Папа Францішак, які паўтара года як заняў Папскі пасад, славіцца сваім аскетычным ладам жыцця. Ён адмаўляецца ад усемагчымых ушанаванняў і прывілеяў. Адмовіўся ад рэзідэнцыі і аўтамабіля, жыве ў гатэлі і харчуецца ў сталоўцы. Гэты Папа спрабуе ачысціць ад карупцыі Ватыкан. А яшчэ ён выказаў салідарнасць тым, хто «пакутуе ў Беларусі».

2. Дэніс Муквеге (56 гадоў, ДР Конга). 4 да 1.

Доктар-гінеколаг з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (былы Заір) Дэніс Муквеге — заснавальнік бальніцы для ахвяраў сэксуальнага гвалту. У кастрычніку 2012 г. у яго кватэру ўварваліся ўзброеныя людзі, якія ўзялі ў закладнікі жонку і дачок Муквеге, а пасля яго прыходу дадому паспрабавалі застрэліць і самога доктара. Муквеге і яго сям'ю выратаваў ахоўнік, які прыйшоў на дапамогу. Ахоўнік загінуў, але вымусіў нападнікаў збегчы.

3. Пан Гі Мун (70 гадоў, Паўднёвая Карэя). 7 да 1.

Заслугі ААН па падтрыманні міру ва ўсім свеце заўсёды добра адзначаліся Нобелеўскім камітэтам. Прэмію ў 2001 годзе атрымаў папярэднік Пан Гі Муна Кофі Анан. Зрэшты, год выдаўся неспакойным: вайна ва Украіне, а таксама далейшая эскалацыя на Блізкім Усходзе. Таму наўрад ці карэец атрымае сёлета ўзнагароду.

4. Эдвард Сноўдэн (31 год, ЗША). 11 да 1.

Гэтаксама слаба верыцца ў перспектывы Эдварда Сноўдэна. Год таму гэты супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бяспекі агучыў інфармацыю аб праслухоўванні спецслужбамі ЗША мэйлаў і тэлефонаў. Эдвард Сноўдэн кіраваўся сумленнем. Дзеля раскрыцця інфармацыі ён пакінуў працу, на якой ён зарабляў 200 тысяч даляраў за год.

5. Кэтрын Хэмлін (90 гадоў, Аўстралія). 14 да 1.

Аўстралійская гінеколаг Кэтрын Хамлін 50 гадоў адпрацавала ў шпіталях Эфіопіі. Яе могуць уганараваць за клопат пра жанчын, якія сталі непрацаздольнымі ў выніку родаў. Яна была першай, хто стаў апераваць жанчын, што атрымалі траўмы падчас родаў.

6. Джын Шарп (86 гадоў, ЗША). 14 да 1.

Вядомы ў свеце аўтар кніг па змаганні з дыктатурамі шляхам негвалтоўнай барацьбы. У пачатку 1990-х Шарп кансультаваў кіраўніцтва Літвы і Латвіі, якое імкнулася да незалежнасці краін. Яго называюць ідэолагам «арабскай вясны». Ягоная кніга ад «Ад дыктатуры да дэмакратыі» стала сапраўдным хітом у свеце.

7. Юан Лонгпінь (84 гады, Кітай). 14 да 1.

Кітайскі селекцыянер і педагог. Славу яму прынесла стварэнне гібрыднага рысу ў 1970-ых гадах. З таго часу гібрыдны рыс распаўсюдзіўся ў дзясятках краін свету, што дае надзейную крыніцу харчавання ў рэгіёнах, дзе высокая рызыка голаду. Гібрыдны рыс больш прыстасаваны да неспрыяльных умоваў.

8. Малала Юсуфзай (17 гадоў, Пакістан). 14 да 1.

Малала вядомая ў свеце як змагар за права жанчын на адукацыю. Малала праславілася тым, што пачала весці блог для службы «Бі-Бі-Сі» на мове урду пра жыццё пры талібах, якія з 2007 года ўвялі сваю ўладу ў яе роднай даліне Сват. У кастрычніку 2012 года талібы паспрабавалі забіць дзяўчынку. Таліб двойчы стрэліў у дзяўчынку, патрапіў у галаву і шыю. Адна з куль прайшла навылёт, і дзве дзяўчынкі, якія сядзелі ззаду Малалы, таксама атрымалі па агнястрэльным раненні. Дзяўчынку выратавалі дактары ў Бірмінгеме. Цяпер Малала Юсуфзай з сям'ёй жыве ў Брытаніі.

9. Гельмут Коль (84 гады, Германія). 17 да 1.

Гэты чалавек адыграў аграмадную ролю ў працэсе аб’яднання Еўропы ў цэлым і Германіі ў прыватнасці. Але, мабыць, час, калі былы нямецкі канцлер мог атрымаць Нобелеўскую прэмію, ужо мінуў.

10. Новая газета (Расія). 17 да 1.

У той час, калі ў Расіі ўсяляк звужаецца свабода слова, СМІ баяцца публікаваць крытычныя да ўлады матэрыялы, рызыкоўныя расследаванні, «Новая газета» застаецца адным з нямногіх астраўкоў вольнасці. Сярод супрацоўнікаў выдання — беларуска Ірына Халіп.

…15. Алесь Бяляцкі (52 гады, Беларусь). 24 да 1.

Праваабаронца Бяляцкі шмат гадоў робіць усё магчымае, каб ніхто рэпрэсіраваных па палітычных матывах у Беларусі, не заставаўся сам-насам з бядой. Ягоны цэнтр «Вясна» аказвае матэрыяльную і юрыдычную дапамогу ўсім несправядліва асуджаным, звольненым, выключаным з універсітэтаў. У 2011 годзе быў асуджаны на чатыры з маловай года нібыта за нясплату падаткаў, хаця гэта былі не асабістыя грошы Алеся, а сродкі «Вясны», якія не павінны абкладацца падаткамі. Выйшаў на волю ў чэрвені сёлета, так і не напісаўшы прашэння на імя Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?