МЗС Украіны «з расчараваннем і непакоем» успрымае заявы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна падчас «прамой лініі» 17 красавіка. Пра гэта гаворыцца ў заяве ведамства.

«Многія з іх прама супярэчаць выказаным на Жэнеўскіх перамовах запэўненнях расійскага боку адносна яе зацікаўленасці ў дээскалацыі сітуацыі вакол Украіны і украінска-расійскіх адносін», — адзначае МЗС.

На думку ўкраінскіх дыпламатаў, «супярэчлівасць заяў расійскага боку канчаткова дыскрэдытуе яго пазіцыю адносна нібыта недатычнасці да падзеяў у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і ва ўсходніх рэгіёнах Украіны».

У МЗС нагадалі, што 4 сакавіка Пуцін катэгарычна адмаўляў ўдзел расійскіх вайскоўцаў у блакаванні частак ўкраінскай арміі ў Крыме, але ўжо 17 красавіка прызнаў, што за так званымі сіламі самаабароны Крыму стаялі расійскія вайскоўцы, якія дапамагалі правесці «сумленны» рэферэндум.

У міністэрстве перакананыя, што цяпер расейскі бок павінен прызнаць анексію Крыму.

«Грэблівы тон, вялікадзяржаўныя ноткі і псеўдагістарычныя высновы ў выказваннях Пуціна сведчаць пра сапраўднае стаўленне крамлёўскага кіраўніцтва да грамадзян Украіны як да людзей, па словах самога кіраўніка Расіі, «другога гатунку», наглядна дэманструюць, чаго вартыя іх цынічныя запэўніванні «сяброўства» і «братэрства»», — лічаць дыпламаты.

Асабліва іх абурыла стаўленне Пуціна да шахцёраў.

«Абсалютна непрымальнымі лічым абразлівыя заявы Пуціна адносна прадстаўнікоў шахцёрскай прафесіі, якім, па яго словах, больш нічога не трэба, як «выпіць паўшклянкі — і на пляж» (менавіта так ён патлумачыў, чаму шахцёры прыязджаюць адпачываць у Крым)», — гаворыцца ў заяве.

Разам з тым у МЗС перакананыя, што «не ўсё расейцы падтрымліваюць цяперашнія заявы і дзеянні Крамля, у прыватнасці, адносна Украіны».

«Верым, што голас сапраўднай цывілізаванай і дэмакратычнай Расіі будзе гучаць усё больш магутна», — падкрэсліваецца ў міністэрстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?