Эрдаган выйграе прэзідэнцкія выбары ў Турэччыне — папярэднія даныя

У Турцыі сёння прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Пасля апрацоўкі больш за 98% бюлетэняў Эрдаган атрымлівае 52% галасоў, Кылычдароглу — 48%, паводле агенцтва. 

28.05.2023 / 20:31

Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота: Firdia Lisnawati / AP

Афіцыйных жа вынікаў пакуль не было. Паводле апошніх афіцыйных звестак выбарчай камісіі, якая падлічыла 75% галасоў, Эрдаган 53,41%, Кылычдароглу — 46,59%. 

Агенцтвы, якія даюць лічбы, арыентуюцца на даныя пра падлічаныя адкрытыя скрыні. Яны ўсе называюць Эрдагана пераможцам.

Лідары розных краін пачалі віншаваць Эрдагана з перамогай на выбарах. Сярод тых, хто паспяшаўся гэта зрабіць, — прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў і эмір Катара.

Рэджэп Таіп Эрдаган кіруе краінай 20 гадоў. У першым туры два тыдні таму яму не хапіла менш за паўпрацэнта для перамогі.

Ён атрымаў 49,5% галасоў, а кандыдат аб'яднанай апазіцыі Кемаль Кылычдароглу — 45%. Трэці кандыдат, прадстаўнік правага нацыяналістычнага крыла турэцкай палітыкі, Сінан Аган атрымаў 5,7% і заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць у другім туры за Эрдагана.

Чытайце таксама:

Курс турэцкай ліры ўпаў да чарговага гістарычнага мінімуму

Выбары стагоддзя ў Турцыі: чаму за імі сочыць уся Еўропа

Эрдаган назваў першы тур «святам дэмакратыі» і ўпэўнена сказаў, што пераможа ў другім

Nashaniva.com