Справу Глеба Бядрыцкага ў Мінскім гарадскім судзе пачалі разглядаць яшчэ 10 верасня. Суд зрабілі закрытым па ініцыятыве пракурора. Маўляў,

у справе прысутнічае інтымная інфармацыя, якая тычыцца абвінавачанага.

Адвакат і сам Бядрыцкі настойвалі, каб на працэсе маглі прысутнічаць усе жадаючыя. Але суддзя Таццяна Тупік падтрымала пракурора.

Адна з непацверджаных версій арышту чыноўніка — размеркаванне прэмій.

Нібыта начальнік сакратарыята выпісваў вялікія сумы для заахвочвання сваіх «любімчыкаў».

У функцыі Бядрыцкага на высокай пасадзе, акрамя тэхнічных (кантроль за выкананнем абавязкаў структур сакратарыята, зацвярджэнне графікаў адпачынкаў), уваходзіў менавіта кантроль за грашыма. Ён не толькі прадстаўляў матэрыялы для прэміравання, але мог распараджацца маёмасцю і фінансамі сакратарыята, вырашаў пытанні выдачы іншых грашовых выплат супрацоўнікам.

Чыноўнік быў затрыманы 19 кастрычніка 2011.

Ён абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі» і «Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі».

Ананімная крыніца паведаміла «НН», што справу Бядрыцкага ўскладняе яго прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі, напісанае ў ліпені. Тым самым ён прызнаў сябе вінаватым.

Бядрыцкі разлічваў на заступніцтва з боку высокіх чыноўнікаў, з кім працаваў, як адказ на сваю адданую працу. Але нібыта ніхто яго не падтрымаў.

У дадатак, прашэнне Лукашэнка не задаволіў. І цяпер экс-чыноўніку не з рукі адмаўляць сваю віну.

Глеб Бядрыцкі нарадзіўся 27 студзеня 1974 у Наваполацку. У 1996 скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», у 2000-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны». Працаваў у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, пасольстве Беларусі ў Германіі, апараце Савета міністраў. Пасаду начальніка сакратарыята савета рэспублікі заняў у верасні 2003. Гэта значыць, літаральна праз два месяцы пасля таго, як у апазіцыю перайшоў тагачасны кіраўнік верхняй палаты парламента, акадэмік Аляксандр Вайтовіч. Мусіць, тады ў пэўных структурах зразумелі, што прагапілі Вайтовіча і што кантроль над палатай трэба «ўзмацняць».

Глеб Бядрыцкі не быў публічнай асобай. Яго роля ў савеце рэспублікі не прадугледжвала і кантактаў з прэсай. Складана не толькі адшукаць звесткі пра яго, але і яго самога на фотаздымках нават з афіцыйных мерапрыемстваў. Вядома, што

ён жанаты, мае двух непаўналетніх дзяцей: 11-гадовую дачку і 4-гадовага сына.

За сваю працу ўзнагароджаны трыма медалямі, некалькімі граматамі Савета міністраў Беларусі, мае шэраг падзякаў.

Месца Бядрыцкага на пасадзе начальніка сакратарыята савета рэспублікі нацыянальнага сходу заняў Сяргей Бервін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?