Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапаноўвае беларускаму тэлебачанню прадоўжыць практыку тэледэбатаў прадстаўнікоў улады і апазіцыі. Пра гэта ён заявіў 25 верасня напрэс-канферэнцыі ў Мінску.
Паводле яго слоў, беларускае тэлебачанне «зрабіла вялікі ўклад у папулярызацыю ідэй байкоту». «Нават учора я глядзеў праграму па дзяржаўным тэлебачанні, у якой без удзелу апазіцыі, але траціну часу гаварылі пра байкот», — сказаў Лябедзька.
«Нягледзячы на тое што большасць з нашых спікераў не выступілі на тэлебачанні, усё адно людзі, якія сустракалі мяне, цікавіліся праблемамі палітзняволеных, гаварылі пра выбары. Беларускаму тэлебачанню трэба сказаць дзякуй», — адзначыў Лябедзька.
«Мы адкрытыя для дыялогу. Давайце прадоўжым тую дыскусію, тыя дэбаты, пра якія шмат гаварыла спадарыня Ярмошына. Лічыце, што гэта афіцыйная прапанова ўсім беларускім тэлеканалам, якую я агучваю ад імя сямі палітычных структур, што выступалі за байкот выбараў. Давайце прадоўжым дэбаты, прадоўжым гутарку і пра эканоміку, і пра рэфармаванне палітычнай сістэмы, і ў тым ліку пра рэфармаванне выбарчай сістэмы», — заявіў лідар АГП.
0
0
0
0
0
0