Урад створыць камфортныя ўмовы для фарміравання аддзялення «Сколкава» ў Беларусі. Як паведаміла прэс-служба ўрада, пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 20 верасня на сустрэчы з членамі Кансультатыўнага навуковага савета і кіраўніцтвам расійскага фонду «Сколкава».

«Мы гатовы працаваць разам на прынцыпах партнёрства і ўзаемнай выгады. Урад Беларусі створыць камфортныя ўмовы для фарміравання і дзейнасці філіяла «Сколкава», — сказаў Мясніковіч. Гэты праект стане адным з прыярытэтных, адзначыў ён.

Прэм’ер-міністр таксама прапанаваў стварыць сумесную рабочую групу, якая б выпрацавала падыходы да кааперацыі, у тым ліку па арганізацыі экспертызы праектаў і самой дзейнасці фонду ў Беларусі.

Кіраўнік урада адзначыў, што для Беларусі інавацыйнае развіццё — галоўны прыярытэт. Паводле яго слоў, «мэтанакіравана на дзяржаўным узроўні рэалізуецца стратэгія стварэння новых вытворчасцяў, галін высокіх тэхналагічных укладаў. Удасканальваецца інавацыйнае заканадаўства, ствараюцца камфортныя ўмовы для вучоных». Асаблівая ўвага надаецца развіццю біятэхналагічнага кластара, касмічных тэхналогій. Беларусь запусціла касмічны апарат дыстанцыйнага зандавання Зямлі, а ў будучыні плануе ажыццявіць запуск уласнага спадарожніка сувязі. Беларускія вучоныя актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных праектах. Беларуская навуковая супольнасць цесна супрацоўнічае з калегамі з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі і іншых краін. За апошнія 10 гадоў Беларусь палепшыла свае пазіцыі ў міжнародным рэйтынгу па індэксе ведаў і сёння займае 45-е месца з 146 краін, паведаміў прэм’ер-міністр.

Як адзначыў лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў, Беларусь у адрозненне ад іншых постсавецкіх рэспублік захавала высокатэхналагічны патэнцыял. Ён падтрымлівае ідэю стварэння аддзялення «Сколкава» ў Беларусі. «Гэты праект стане платформай для новых навуковых ідэй, прарыўных праектаў, якія могуць даць важныя вынікі для міжнароднай навуковай супольнасці. Вопыт Беларусі для нас карысны», — рэзюмаваў Алфёраў.

Інавацыйны цэнтр «Сколкава» — сучасны навукова-тэхналагічны комплекс па распрацоўцы і камерцыялізацыі новых тэхналогій, які будуецца ў Расіі. У комплексе будуць забяспечаныя камфортныя эканамічныя ўмовы для кампаній, якія працуюць у прыярытэтных галінах мадэрнізацыі эканомікі Расіі: тэлекамунікацыі і космас, медыцынская тэхніка, энергаэфектыўнасць, інфармацыйныя тэхналогіі, а таксама ядзерныя тэхналогіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?