Галіна Яшчанка — жанчына з характарам. Займець за мяжой адукацыю, прэстыжную працу і нават мужа — і вярнуцца ў вёску пад Валожынам. Што гэта — фантастыка ці наіўныя ілюзіі?

Журналісты «НН» захапілі з сабой відэакамеру і наведалі гэтую сям’ю, каб на свае вочы пабачыць здзейсненую беларускую мару ў асобна ўзятай вёсцы.

Як выявілася, Галіна з мужам пабудавалі ў вёсцы Карнюткі сучасны дом з усімі выгодамі. Асабліва ўражваюць вялізныя, ледзь не на ўсю сцяну, вокны, за якімі распрастаўся шыкоўны краявід. Варта адзначыць таксама і ванны пакой, параўнальны па плошчы са сталічнай «аднапакаёўкай», і суперсучасную сістэму геатэрмальнага ацяплення. А яшчэ Галіна будуе свой бізнэс — стварае брэнд «Каралі», пад якім ужо прадаецца мыла з натуральных інгрэдыентаў і ў беларускамоўным аздабленні. Самае ж галоўнае — у яе моцная сям’я, якая пачуваецца ў беларускай вёсцы вельмі ўтульна. Зрэшты, глядзіце відэа і мяркуйце самі:

Натуральна, не ўся размова з Галінай Яшчанкай здолела патрапіць у відэа. Гэтак, за кадрам засталася гісторыя пра тое, як яна прыйшла да беларускасці. Справа ў тым, што бацькі Галіны прыехалі ў нашую краіну, калі ёй было два гады. «У нас у сям’і не было ніводнай беларускай кніжкі», — кажа Галіна. «Мама руская, тата ўкраінец, я — беларуска».

«Штуршком» да беларускасці стаў «Народны ўніверсітэт», куды Галіна хадзіла ў старэйшых класах. Пасля школы яна актыўнічала ў «Задзіночанні беларускіх студэнтаў». А калі паехала на вучобу за мяжу, то і там працягвала шукаць «беларускасць», цікавіцца падзеямі ў краіне.

Галіна Яшчанка доўгі час жыла ў Польшчы, ЗША, Даніі. Галіне, прывабнай бландзінцы з моцным характарам, не бракавала мужчынскай ўвагі за мяжой. Але яна ведала, што яе муж абавязкова будзе беларускамоўным беларусам. Так тое і сталася. Некалькі год назад яны з мужам (таксама беларусам, з якім яна пазнаёмілася ў Польшчы) вырашылі вярнуцца ў Беларусь. Набылі вясковую хату ў Валожынскім раёне, нарадзілі сына і далі яму рэдкае імя Настась.

«Мы хочам, каб нашы дзеці былі беларусамі. А гэта значыць, яны павінны пражыць сваё дзяцінства тут. Кропка!» — кажа Галіна.

Гераіня нашага відэа лічыць, што многія яе мары ўжо здзейсніліся. А пра што марыце вы? Што вы жадаеце здзейсніць у гэтым жыцці? Ці здольныя вы рэалізаваць сябе ў нашай краіне?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?