У панядзелак пад раніцу, калі адгулі ў галаве спевы развітальнай вечарыны Астравецкага паэтычнага фэсту, прысніў я колішняга аднагрупніка — Дзімку Саванца са Слоніма. Так і прысніўся, як бачыў я яго апошні раз — у ботах, вайсковай вопратцы з пагонамі лейтэнанта. Разам з ім прыснілася і гвардыі фельчарка Зянонаўна — суворая жанчына няпэўнага веку з негвардэйскай стомай у вачах. Стаялі яны ў атачэнні сумных свежапаголеных зялёных салдацікаў, якіх вазілі на дадатковую медкамісію ў Навінкі, каб з дапамогаю профільных спецыялістаў зафіксаваць сімуляцыю і, тым самым, зьвесьці на нішто апошні шанец байцоў «закасіць на галаву» і ўцякчы да дому. У халодным пераходзе пад менскім чыгуначным вакзалам стаяла гэта дзіўнае войска з прыкметамі разлажэння і пераміналася з нагі на нагу. Праз сон гулі цягнікі, Дзімка нешта хацеў мне сказаць, але муляла падушка, у вакно лезлі прамяні сонца і з сябрам я не пагаварыў…

Падняўся, заварыў каву і падумаў — добра, што прачнуўся. Ды, і каб не прачнуўся — пра што гаварыць, што пытацца? Што робіць дыпламаваны выкладчык гісторыі ў гэтым пераходзе, аб чым сумуе гвардыя, ці чаму беларускія хлапцы ў 18 гадоў з радасцю гатовыя атрымаць пасведчанне вар’ята, абы не служыць радзіме?…

Як згатавалася кава — я, праўда, палагаднеў. Усе ж дарэмна я так — было пра што паразмаўляць. Канечне, было!

З Дзімкам мне наогул было заўсёды прыемна пабавіць час — ён так цудоўна, сакавіта і пацешна, безумоўна свядома і выключна знарок, размаўляў на заходнебеларускай слонімскай трасянцы! Гэта быў талент! Гадуючыся ўлетку ў Зэльве пры бабулі, ён набраўся такіх зваротаў-абаротаў, такіх прыказак і прымавак, што цэлай фальклорнай экспедыці рафінаваных філфакаўскіх паненак за 5 год практыкі не сабраць.

Памятаю, на першым курсе, рассеўшыся колам каля Дзімкі, мы слухалі яго і смяяліся як чэрці, чым падбухторвалі яго распавядаць яшчэ і яшчэ…

Аднойчы, вось так бессаромна робячы пародыі на землякоў — сяброў дзяцінства, суседзяў, бабціных сябровак ён назваў неяк мімаходзь прозвішча Геніюш.

Памятаю, што мне раптам перастала быць смешна — як і не было ніколі. Суцішыўшы вэрхал і тым самым сапсаваўшы свята хлопцам, я пачаў распытваць артыста размоўнага жанру пра гэту бабіну сяброўку Ларысу… Безумоўна, я не чакаў нейкіх надзвычайных цікавостак, ашаламляльных адкрыццяў, але прозвішча — прозвішча! Памятаю, ледзь не за грудкі схапіў ад хвалявання — распавядай, маляў, і без блюзнерстваў!

Што там асаблівага ведаў Дзімка? Ну, што па-беларуску размаўляла, далікатная была такая, што ў царкву хадзіла. І там, у гэтай мясцовай царкве, адгукнуўшыся на просьбу Дзімкавай бабці, у пачатку 80-х стала хроснай гэтага светлага аболтуса! У той час шмат каго так, таемна нават ад бацькоў, бабулі насілі да царквы і хрысцілі.

Пытаюся — мо сваячка нейкая, ці што? Дзімка кажа — ды не, проста бабця звярнулася да Геніюш, бо тая нікога не баялася — баба Ларыса згадзілася і пахрысціла…

Вось і ўся гісторыя… Размовы і забаўкі кампаніі пайшлі сваім ходам.

З тае размовы, прайшло шмат часу. Лёсы развялі наш курс — каго ў боты, каго да іншае работы, а я ўсё як зараз чую словы «не баялася — проста ўзяла і пахрысціла».

Якімі па-хобіцку наіўнымі, напэўна, падаваліся людзі спадарыні Геніюш, калі наогул маглі думаць, што чалавек, прайшоўшы эміграцыю і вайну, савецкія турмы і лагеры, не здрадзіўшы Пагоні і пражыўшы жыццё без савецкага грамадзянства, мог наогул нечага баяцца пасля?

Скончылася ў кубку кава, на язык трапіла горкае перамеленае зерне… Захацелася патэлефанаваць Дзімку. Мабільнік адказаў доўгімі гудкамі — не ўзяў. Напэўна, на варце… Усміхнуўся сам да сябе. За абарону краіны я спакойны. Ды і наогул за сябра — такое хрышчэнне абараняе мацней за АКМ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?