Расія – не Еўропа

Апісваючы праблемы дзяржаваў Усходняй Еўропы, Беларусь, як і суседнюю Украіну, шмат хто з даследчыкаў акрэслівае як край, што знаходзіцца на цывілізацыйным разломе. Такі падыход дазваляе лепш за ўсё іншыя патлумачыць, адкуль бярэ пачатак такая зменлівасць поглядаў жыхароў, а за гэтым і палітыкі абедзвюх дзяржаў – ад прарасійскасці да праеўрапейскасці, і наадварот.

Ці можна лічыць Расію асобнай цывілізацыяй, калі яе культура паўставала не аўтаномна, незалежна, а хутчэй, у процівагу заходнееўрапейскай, - пытанне дагэтуль адкрытае. Аднак факты навідавоку: абсалютная большасць расіян сваю краіну Еўропай не лічаць. Для іх, як калісьці заўважыў у Мінску скандальны Сяргей Дарэнка, апошняй мяжой Старога Свету, хоць і ягонай занядбанай правінцыяй, з’яўляецца Беларусь. Давайце ў такім выпадку думаць пра нашых суседзяў з Усходу так, як яны самі пра сябе думаюць: Расія – асобная цывілізацыя. Расія – гэта не Еўропа.

Шматвектарнасць

Разважаючы такім чынам, варта адразу канстатаваць:

хвалёная беларуская шматвектарнасць у замежнай палітыцы – разбуральны міф,
што стварае фальшывае ўражанне ў насельніцтва краіны, быццам мы сапраўды можам збудаваць на гэтых арэлях устойлівую і незалежную ані ад каго канструкцыю з нашай невялічкай краіны.
Яшчэ адзін міф, узрошчаны беларускай прапагандай апошніх гадоў – гэта «мост паміж Усходам і Захадам». Ён такі ж шкодны, як і папярэдні, бо пераконвае беларусаў, што Беларусі зусім не трэба пераадольваць шматгадовую прорву паміж нашай краінай і кантынентам, адкуль расце карэнне яе цывілізацыі.
Бо мы – асобныя, мы – «мост», а на дадатак, нам з гэтай акалічнасці павінна нешта перапасці.
Такая раздвоенасць свядомасці нічым не карысная для Беларусі. Гэта бомба запаволенага дзеяння пад будучыняй краю.
На двух крэслах – еўрапейскім і рускім, што да таго ж увесь час то аддаляюцца, то збліжаюцца, не ўдасца сядзець адначасова. Трэба выбіраць нешта адно.

Мы – маленькая краіна

Варта зразумець яшчэ адзін важны факт. Беларусь, якой вялікай яна б ні была для сваіх жыхароў, можа здацца такой, толькі калі падарожнічаць па ёй нашымі павольнымі цягнікамі. Побач з 140-мільённай Расіяй і 500-мільеннай Аб’яднанай Еўропай немагчыма быць самадастатковай звышдзяржавай. Нехта тут скажа, што памер не мае значэння. Можна ўжыць іншы, сучасны спосаб параўнання магутнасці – эканамічны. Але і тут Беларусь не мае пакуль чым ганарыцца. Аб'ём беларускай гаспадаркі параўнальны з аб'ёмам эканомікі Сілезскага ваяводства Польшчы і складае прыкладна 6% ад памеру эканомікі Расіі.

А чаго ж, чаго захацелася ім?

Беларусам трэба вызначыцца, чаго яны хочуць, – Еўропы з яе каштоўнасцямі чалавечага жыцця і свабоды асобы або ладу жыцця «старэйшага брата».

Шлях у Еўропу не будзе з лёгкіх. Не быў ён такім і для палякаў, чэхаў, літоўцаў. Але мэтанакіраваны паход па гэтай дарозе абавязкова прывядзе Беларусь у еўрапейскі дом. Правілы гульні на гэтым шляху – вядомыя. Пры іх выкананні вядомы і вынік.

Чаму Беларусь – гэта мова?

А вось тут варта ўзгадаць пра мову. Каб стаць часткай Еўропы – трэба асэнсоўваць рэчаіснасць, як еўрапейцы, падзяляць хаця б асноўныя іх вартасці. І тут зноў немагчыма гойдацца на арэлях: Радыё Свабода і Эха Масквы слухаць адначасова не ўдасца.

Расія – край з вельмі экспансіўнай культурай, яркай, багатай. Беларуская эканамічная залежнасць ад усходняга суседа – толькі бачная частка айсбергу пад назвай «навек брацкія народы».

Самая вялікая частка прывязанасці да Расіі – нябачная, і таму самая пагрозлівая. Гэта навязаныя Расіяй мова, спосаб мыслення, успрымання навакольнага свету, культурныя коды. Пакуль што яны яшчэ адрозныя ў некаторых рэчах, але з паглыбленнем інтэграцыі розніца паступова знікне.
Расія заможнейшая за Беларусь. Таму і культурны прадукт там будзе якаснейшым, прыцягальнейшым. Гаворачы адной з Расіяй мовай, Беларусь асуджаная ўвесь час зайздроснымі вачыма глядзець расійскае тэлебачанне, чытаць расійскія газеты і прызвычайвацца думаць, як расіяне.

Але нават гэты аргумент мог бы быць спрэчным, калі б Расіі не залежала на тым, што адбываецца ў Беларусі. Менавіта таму, што нашай суседцы важна, каб Беларусь заставалася ў сферы яе ўплыву, то і яе дзеянні на інфармацыйным, светапоглядным абшары Беларусі вельмі актыўныя.

Каб стаць часткай Еўропы, трэба моцна пастарацца. У іншым выпадку нічога не атрымаецца. А каб стаць часткай Расіі, можна проста нічога не рабіць – Расія сама сюды прыйдзе.
І яна паволі прыходзіць, вяртаецца.
Пашырэнне ўжытку беларускай мовы і паступовае абмежаванне рускай было б самай надзейнай заслонай ад жаданняў каго кольвек убачыць у Беларусі яшчэ адну рускую дзяржаву.
Пры гэтым сітуацыя склалася так, што іншыя мовы: англійская, украінская, польская, літоўская - беларускай незалежнасці не пагражаюць.

Руская ж мова – просты шлях у іншую цывілізацыю, гістарычна чужую беларусам.

Гэта значыць, што

калі мы хочам быць еўрапейскім народам – русский язык давай, до свиданья.

Іншага выйсця няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?