Дэлегаты з’езда Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ), што адбыўся 16 чэрвеня ў Мінску, абралі старшынёй арганізацыі Аляксандра Бухвостава.
На гэтай пасадзе Бухвостаў змяніў Васіля Леўчанкова. Намеснікам старшыні СПМ абраны Уладзімір Другакоў.
Як паведаміў Бухвостаў, гэта быў «тэхнічны з’езд». «На ім прысутнічалі 14 дэлегатаў з 18 абраных на з’езд. Усе яны прадстаўлялі прафсаюзныя арганізацыі на розных прадпрыемствах Беларусі», — сказаў ён.
Дэлегаты абмеркавалі змены ў статут арганізацыі і праграму дзейнасці на 2012–2015 гады, а таксама абралі савет арганізацыі.
Паводле слоў Бухвостава, з’езд не прымаў ніякіх рэзалюцый.Не абмяркоўвалася і пытанне пра дзеянні прафсаюза падчас найбліжэйшых парламенцкіх выбараў. «Мы наогул не закраналі палітычных праблем і пытанняў, бо прафсаюз павінен займацца не палітыкай, а сваёй дзейнасцю — абаронай правоў работнікаў. Акрамя таго, у палітыкаў, на маю думку, няма адзінага меркавання ў пытаннях дасягнення сваіх мэт. Таму пра нейкія выбары гаварыць заўчасна», — заявіў Бухвостаў.
Паводле яго слоў, першачарговая задача СПМ — умацаванне прафсаюзных структур і пярвічных арганізацый на прадпрыемствах.«Мы выбіралі аднаго дэлегата ад 50 чалавек, гэта значыць у нашым прафсаюзе зараз прыкладна 800 членаў. Такім чынам, прафсаюз у нас невялікі, і нам трэба пашырыць свае рады, каб стаць сілай у прафсаюзным руху», — рэзюмаваў новы старшыня СПМ.
Свабодны прафсаюз металістаў уваходзіць у склад Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.
0
0
0
0
0
0