Пытанне палітвязняў застаецца асноўным ва ўзаемаадносінах Еўрапейскага саюза з уладамі Беларусі.
Аб гэтым заявіў кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Германіі Рональд Пофала ў ходзе сустрэчы ў Вільні вечарам 7 чэрвеня з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, паведаміў адзін з яе ўдзельнікаў — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Пофала падкрэсліў, што пытанне палітвязняў застаецца болевай кропкай ва ўзаемаадносінах Еўрапейскага саюза і афіцыйнага Мінска», — сказаў Лябедзька.

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера лічыць, што за гады знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе сітуацыя ў Беларусі ніколі не была такой складанай і цяжкай, адзначыў Лябедзька.

«Ён падкрэсліў, што не варта спадзявацца на цуды і нейкія хуткія перамены», — сказаў лідар АГП.

Пофала закрануў пытанне прымянення ў Беларусі смяротнай кары. Паводле слоў Лябедзькі, нямецкі палітык падкрэсліў, што рабіў спробы прадухіліць нядаўнія смяротныя кары, але ў яго нічога не атрымалася.

«І ў гэтай сувязі ён заявіў, што адчувае велізарнае расчараванне»,
— сказаў старшыня АГП. Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера заявіў, што абураны «палітычнай інструменталізацыяй смяротных прыгавораў у Беларусі».

Сам Лябедзька, паводле яго слоў, у ходзе сустрэчы «зрабіў акцэнт на тым, што стратэгіяй Еўрасаюза акрамя пытання палітзняволеных могуць і павінны стаць сумленныя і свабодныя выбары па еўрапейскіх стандартах». «Гэта можа быць выйсцем з тупіка, — заявіў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі. — Будуць свабодныя выбары ў Беларусі — будуць перамены».

Марына Адамовіч, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які дагэтуль застаецца за кратамі, расказала на сустрэчы аб сітуацыі з яе мужам, а таксама аб іншых палітвязнях.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Лябедзька падкрэсліў, што важны сам факт яе правядзення з нямецкім палітыкам такога высокага ўзроўню, тым больш што ініцыятыва зыходзіла ад самога Пофалы.

«Гэта яго не першая сустрэча. Ён ужо даказаў сваю зацікаўленасць беларускай праблематыкай. Калі адзін з вядучых нямецкіх палітыкаў цікавіцца Беларуссю, гэта вялікі плюс для ўсіх нас», — сказаў старшыня АГП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?