Чаму дзяржава, першапачаткова зычлівая да інвестара, раптам вырашыла зменшыць яго апетыты?

У 2010—2011 гг. структуры Марата Новікава давялі свой пакет акцый на «Спартаку» да кантрольнага (звыш 55%), на «Камунарцы» — «блізкага да кантрольнага», паведамілі TUT.BY некалькі крыніц у канцэрне «Белдзяржхарчпрам» і на саміх кандытарскіх фабрыках. Бізнэсовец не аспрэчвае інфармацыі па «Спартаку», але сцвярджае, што ў «Камунарцы» яго доля складае каля 35%. «Калі нават цяпер у нас адбяруць 10%, то блок-пакет у нас усё роўна застанецца. Мы так проста адсюль не сыдзем», — кажа ён.

Цяпер у судовым парадку вырашаецца лёс 10% акцый «Камунаркі»,
якія Новікаў купіў у былых і цяперашніх работнікаў фабрыкі ў студзені-лютым 2011 года, калі быў цалкам зняты мараторый на хаджэнне акцый, набытых у перыяд ільготнай прыватызацыі ў сярэдзіне 90-х. Аднак 14 сакавіка 2011 з’явіўся ўказ прэзідэнта № 107, які адводзіў пераважнае права на куплю «льготных» акцый мясцовым органам улады. Прычым дакумент распаўсюджваў усе свае дзеянні на адносіны, што ўзніклі з пачатку мінулага года. Згодна з ўказам на прыняцце рашэння па «Камунарцы» Мінгарвыканкаму было адведзена 90 дзён, то бок да сярэдзіны чэрвеня. У выпадку адмовы акцыянеры маглі прадаць свой пакет любому ахвотнаму. Улады Мінска апамяталіся толькі ў лістападзе, сцвярджаюць на «Камунарцы». І гэтая «няпамятлівасць» службоўцаў яшчэ больш раззлавала Марата Новікава.

У Мінгарвыканкаме кажуць, што «пунктуальна дзейнічаюць паводле ўказа № 107, скупляючы акцыі фабрыкі». «Ідэя ўказа ў тым, каб не даць акцыям, атрыманым беларусамі на льготных умовах, распыліцца. Лепш будзе, калі дзяржава павыкупляе іх і пры неабходнасці прадасць па добрай цане стратэгічнаму інвестару», — тлумачаць у сталічнай мэрыі. Плануецца давесці долю дзяржавы як мінімум да блок-пакета (25% +1 акцыя) і выставіць затым на конкурс. «Навошта аб’яўляць і выстаўляць, калі інвестар ўжо ёсць?» — здзіўляецца гендырэктар «Камунаркі» Наталля Кот.

Беларускія кандытары падазраюць, што чыноўнікі апамяталіся толькі ў лістападзе нездарма. У канцы кастрычніка Беларусь наведваў уладальнік іх асноўнага канкурэнта, украінскага «Рашэна», Пётр Парашэнка. Ва ўрадзе адбыліся перамовы, падрабязнасці якіх не афішавалася. «Ён пацвердзіў цікавасць да кандытаркі», — сказала крыніца, што ўдзельнічала ў той сустрэчы. Затым, у пачатку мая гэтага года, Парашэнка, ужо ў статусе міністра эканамічнага развіцця і гандлю Украіны, яшчэ раз наведаў Мінск для ўрэгулявання прадуктовай вайны. «Тады і цяпер ён сустракаўся і з [першым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам] Сямашкам, і [кіраўніком „Белдзяржхарчпрама“ Іванам] Данчанкам, і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі», — кажа крыніца.

Іван Данчанка праз прэс-службу перадаў, што «канцэрн дзейнічае выключна ў рамках указа № 107».

Марат Новікаў падкрэслівае, што не баіцца канкурэнцыі, не спрабуе яе абмежаваць, «хай „Рашэн“ будуе новую фабрыку тут і канкуруе». «Але іх тут цікавіць не беларускі рынак, а сыравінная база краіны. Сельская гаспадарка ў Беларусі лепшая, чым ва Украіне. Да таго ж яны хочуць прарвацца праз Беларусь на расійскі рынак. Астатняе яго тут не цікавіць», — мяркуе галоўны кандытар Беларусі.

Былыя заслугі

Марат Новікаў абвінавачвае ў сітуацыі, якая склалася, «карумпаваных чыноўнікаў, што дакладваюць прэзідэнту неправераную інфармацыю». Аднак чамусьці забываюць пра поспехі «Камунаркі» і «Спартака».

— Мы прыйшлі на гэтыя фабрыкі 18 гадоў таму. Яны былі фактычна разваленыя. Сёння гэта сучасныя вытворчасці, новыя лініі і гэтак далей. Парк грузавых аўтамабіляў абсталяваны па найвышэйшым класе. У нас няма машын, старэйшых за чатыры гады! Калі ў 2006 годзе мы пазбавіліся права прадаваць у Расіі цукеркі [пад савецкімі маркамі «Алёнка», «Чырвоная шапачка», «Мішка касалапы»], то стварылі новыя брэнды ўласнага аператара «Белкандытар» і вярнуліся ў Расію. Пра гэта сёння ўсе чамусьці забываюць, — кажа Новікаў.

Марат Новікаў таксама акцэнтуе тое, што «мы рэалізуем шмат, напэўна, як ніхто іншы, сацыяльных праграм». «Акрамя ўжо наяўнай сярэдняй зарплаты звыш 500 даляраў, мы сваім работнікам прапануем добры сацпакет, дапамагаем з жыллём, аздараўленнем, аказваем падтрымку ветэранам і маладым маці і гэтак далей. Таму ў нас ніколі не будзе пляскання ў далоні і тупату», — адзначае ён.

Кожны Новы год кандытары ладзяць буйныя дабрачынныя мерапрыемствы для дзяцей па ўсёй краіне. Новікаў быў не супраць дапамагчы і з падрыхтоўкай «Дажынак-2012» у Горках (Магілёўская вобласць). «Увосень мінулага года Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч папрасіў мяне дапамагчы з узвядзеннем забаўляльнага цэнтра для моладзі ў Горках. Там хочуць размясціць кавярню, боўлінг, танцзал. Мы такі цэнтр ужо зрабілі ў Гомелі. Я пагадзіўся быў паўдзельнічаць. Неўзабаве пачалася ўся гэтая сітуацыя з акцыямі. Таму я сказаў, што не буду нічога не рабіць, пакуль не ўлягуцца ўсе гэтыя „брудныя справы“ з акцыямі», — кажа Новікаў.

«Брудныя справы» дзеяцца не толькі з акцыямі. Улады, відаць, хочуць зрабіць упартага бізнэсоўца, які «падштурхоўвае калектыў фабрыкі да неабдуманых дзеянняў», больш рахманым. «Я ў Мінску ўжо 5 месяцаў не быў, — парыруе Новікаў. — А яны, мабыць, нешта хочуць на мяне накапаць, раз пачалі правяраць усіх маіх сваякоў. Яны баяцца, што я забяру ўсю „Камунарку“ з сабой у Амерыку. Але яшчэ не прыдумалі такіх баулаў. Хай не баяцца, яна тут застанецца». Варта нагадаць, што за савецкім часам Новікаў здабыў поспех у сістэме рознічнага гандлю. Але ў 1989 годзе разышоўся ў поглядах з кампартыяй і эміграваў у Амерыку, дзе праз некалькі гадоў стаў віцэ-прэзідэнтам кампаніі Double Star International. А неўзабаве яго паклікалі падымаць кандытарскую галіну Беларусі.

Паводле словаў гендырэктара «Камунаркі» Наталлі Кот, «летась праз складанасці з валютай мы былі на мяжы спынення вытворчасці». «Але толькі дзякуючы нашаму інвестару, які падаў таварны крэдыт, мы працягнулі працу. Ён працягвае інвеставаць у развіццё фабрыкі. Нашы работнікі маюць магчымасць павышаць кваліфікацыю за мяжой», — нахвальвае Кот Новікава.

Галіне патрэбныя новыя інвестары

Варта адзначыць, што праблемы ў Марата Новікава паўсталі не толькі на «Камунарцы». Ён спрабаваў стварыць падабенства кандытарскага холдынгу, у які акрамя дзвюх шакаладных фабрык увайшлі «Чырвоны Мазыранін», «Слодыч», «Чырвоны Харчавік»… Паводле непацверджанай інфармацыі, структурам Новікава ў гэтых прадпрыемствах належыць мінарытарны пакет акцый. Бізнэсовец сцвярджае, што «ўсё гэта дзяржаўныя прадпрыемствы», і ён не супраць, каб «ва ўласнасці дзяржавы яны заставаліся».

Аднак на высокім узроўні атрымала падтрымку ініцыятыва бізнэсоўца Сяргея Левіна стварыць буйны прадуктовы кластар у мікрараёне «Дражня», у які можа ўвайсці, у прыватнасці, «Слодыч». І гэтая ініцыятыва ўсхвалявала галоўнага кандытара краіны. «Сёння дзяржава разумее, што на рынках АЭП аднаму вытворцу цяжка будзе змагацца, патрэбныя сур’ёзныя холдынгі. Мы яго фактычна стварылі. Нам трэба трохі дапамагчы давесці гэта да розуму. Але цяпер камусьці спатрэбілася ўсё гэта раздрабніць», — наракае Новікаў.

Чыноўнік, знаёмы з канфліктнай сітуацыяй, сцвярджае, што «Марат Міхайлавіч моцна перабольшвае свае заслугі. Так, на пэўным этапе ён нешта зрабіў для галіны. А сёння, можна сказаць, спачывае на лаўрах. Хоць, напрыклад, абяцаў у разы павялічыць экспарт. Бо 60–70% сабекошту цукеркі складае імпарт, а гэта каштоўная валюта, якая выцякае з краіны. Пакуль ён атрымлівае дывідэнды ад фабрык, манапалізаваў пастаўку сыравіны на прадпрыемствы і гэтак далей». «Таму няма нічога дрэннага ў тым, што наспела неабходнасць прыцягнуць новых інвестараў, павысіць канкурэнцыю ў гэтай галіне, уліць свежую кроў», — сказаў на заканчэнне ён.

«Спартак» у 2011 годзе паставіў на экспарт 19,1% ад агульнага аб’ёму вырабленай прадукцыі. У грашовым выражэнні гэта прынесла 19 млн даляраў. «Камунарка» экспартавала 18% вырабленай прадукцыі на суму 8,2 млн даляраў. Асноўным рынкам збыту за межамі Беларусі працягвае заставацца Расія, доля якой у агульным аб’ёме экспарту складае каля 80%. Новікаў кажа, што «ў хуткім часе мы значна наросцім экспарт». У прыватнасці, у планах «Спартака» на канец гэтага года выйсці на адзнаку 32–34%, а затым і да 70–80%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?