СМІ Венесуэлы паведамляюць аб «экспрэс-выкраданні»віцэ-консула беларускага пасольства ў Каракасе. Інцыдэнт адбыўся 16 снежня прыблізна ў 22.00 каля аднаго з супермаркетаў у раёне Санта-Эдувіхіс на поўначы горада, піша noticierodigital.com.

Група ўзброеных злачынцаў на двух аўтамабілях заблакавала машыну дыпламата і выкрала яго, запатрабаваўшы грошы пад пагрозай смерці. Падчас паліцэйскай аперацыі віцэ-консул быў знойдзены за 12 км ад месца выкрадання, у раёне Эль-Параіса ў заходняй частцы Каракаса, у 2.30.

Называецца імя дыпламата, але зразумець, пра каго ідзе размова, немагчыма: Aleksamdr Anekcahap Wkatynob Shakcahap.

Tut.by са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што быў выкрадзены консул Аляксандр Шкатулаў. Дыпламат быў вызвалены пасля атрымання злачынцамі выкупу.

Атрымаць афіцыйныя каментарыі пакуль не ўдалося. У пасольстве Беларусі ў Каракасе, куды патэлефанаваў карэспандэнт БелаПАН, спрацоўвае факс.

У спісе супрацоўнікаў на сайце дыпмісіі Шкатулава няма. Ёсць два іншыя Аляксандры: аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветраны аташэ Аляксандр Аляксандраў і саветнік па палітычных і консульскіх пытаннях Аляксандр Варонін.

Нейкая інфармацыя пра Аляксандра Шкатулава ёсць на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук»:
закончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Дыпламатычную акадэмію МЗС Расіі, валодае англійскай, іспанскай і польскай мовамі, «зараз знаходзіцца ў Паўднёвай Амерыцы».

СМІ Венесуэлы зазначаюць, што, нягледзячы на ўзмацненне мер бяспекі за апошнія гады, напады на замежных дыпламатаў працягваюцца.

У лістападзе 2009 года ў Венесуэле загінуў 35-гадовы перакладчык ВА «Беларуснафта», выпускнік МДЛУ Аляксандр Сярцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?