«Беларусь стала аб’ектам не толькі нападак, але і эканамічных санкцый за выбар, які беларускі народ зрабіў на выбарах свайго прэзідэнта», — заявіў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, выступаючы 27 верасня на 66-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

«Беларусы ніколі не адмовяцца ад свайго права на выбар. Вызначэнне ўласнага шляху развіцця з’яўляецца для нас святой каштоўнасцю. Ні санкцыі, ні шантаж і пагрозы не зменяць нашай пазіцыі.

Права на нашым баку»,
— прыводзіць словы кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Беларусі Цэнтр навін ААН.

Мартынаў таксама заявіў, што хаос паглынае планету і свет функцыянуе без сістэмы і парадку. Ён адзначыў, што сёння патрэбна глабальная стратэгія супраць хаосу, заснаваная на ўмацаванні міжнароднага права, палітыцы глабальнага партнёрства і ажыўлення ААН.

«Адзін глабальны крызіс перарастае ў другі. Міжнароднае права бессаромна парушаецца. Няроўнасць і беднасць нарастаюць, і, самае галоўнае, усё больш людзей у свеце зведваюць пакуты», — падкрэсліў Сяргей Мартынаў.

Кіраўнік беларускага МЗС заклікаў да ўмацавання глабальнага партнёрства ў мэтах развіцця, у тым ліку да вырашэння пытанняў перадачы сучасных і эфектыўных энергетычных тэхналогій краінам, якія развіваюцца, і краінам з сярэднім узроўнем даходу. Мартынаў падкрэсліў, што такі падыход унясе ўклад у пераадоленне праблемы змянення клімату. «Давайце, урэшце, зразумеем: сёння не можа быць зялёнага раю для багатых краін і забруджанага пекла для бедных. Абмежаваная прастора Зямлі выключае такую магчымасць», — адзначыў міністр.

Ён выказаўся за стварэнне пад эгідай ААН глабальнага механізму, які забяспечыць доступ да сучасных энергетычных тэхналогій для ўсіх краін. Мартынаў прыцягнуў увагу да фарміравання па ініцыятыве Беларусі Глабальнага партнёрства супраць рабства і гандлю людзьмі, а таксама заклікаў да распрацоўкі глабальнай палітыкі па абароне інтарэсаў моладзі.

Сяргей Мартынаў выступіў на 66-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку ў рамках агульнапалітычнай дыскусіі. У ходзе гэтай дыскусіі, якая пачалася 21 верасня, дзяржавы — члены ААН абмяняюцца думкамі па найбольш важных і неадкладных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?