Эксперымент, які нібыта паказвае, што субатамныя часцінкі могуць рухацца хутчэй за святло, выклікаў галавакружэнне ў навукоўцаў. Калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, гэта падарве ключавыя напрамкі сучаснай фізікі.

На прэзентацыі ў Швейцарыі навукоўцы заявілі, што яны запісалі прывідныя часцінкі, вядомыя як нейтрына, якія рухаюцца з хуткасцю, крыху большай за хуткасць святла, — відавочнае парушэнне касмічнага абмежавання хуткасці, растлумачанага Альбертам Эйнштэйнам больш за сто гадоў таму.

Вынік можа стацца няёмкім пралікам навукоўцаў альбо прадказаць скачок на тэрыторыю навуковай фантастыкі, дзе часцінкі тэарэтычна падарожнічаюць у часе.

Хаця пацверджанне адкрыцця не будзе азначаць аніякіх зменаў у ведах пра сусвет, але ўяўленне навукоўцаў пра тое, як ён працуе, стане бязладным.

«Гэта было б самым вялікім адкрыццём у фізіцы стагоддзя, таму што мы мусілі б цалкам перагледзець усё, ад субатамнай фізікі да нашых ведаў пра тое, як развіваўся Сусвет», кажа Нэйл Турак, дырэктар Perimeter Institute for Theoretical Physics у Антарыё, Канада.

Як і многія фізікі, доктар Турак быў настроены скептычна. Ён сказаў, што нейтрына, якія з’явіліся на Зямлі ў выніку выбуху звышновай зоркі, мелі хуткасць святла, што не стыкуецца з апошнім даследаваннем. Іншыя навукоўцы паставілі пад сумнеў ход эксперыменту і выказалі верагоднасць уплыву статыстычных памылак на яго вынікі.

Таксама ўзнікалі пытанні пра тое, ці належна ўлічвалі даследчыкі невялікія збоі, якія маглі б мець непажаданы эфект, такія як кручэнне Зямлі, размяшчэнне Месяца і іх роля ў змене формы зямной кары, падчас правядзення эксперыменту.

Нават навукоўцы, якія праводзілі эксперымент нейтрына, вельмі асцярожна аспрэчваюць адзін з самых падставовых аспектаў спадчыны Эйнштэйна.
Яны шэсць месяцаў правяралі і пераправяралі дадзеныя і заклікалі фізікаў ва ўсім свеце пацвердзіць ці абвергнуць іх адкрыццё з дапамогай незалежных эксперыментаў. «Гэта анамалія, неадпаведнасць, — сказаў Дарыа Ацьера, які браў удзел у эксперыменце, на нарадзе, якая адбылася ў пятніцу ў Еўрапейскай арганізацыі па ядзерных даследаваннях. Але калі гэта праўда, гэта магло б мець патэнцыйна велізарнае ўздзеянне на навуку».

Нейтрына — гэта часцінкі амаль без масы і вагі, якія могуць праходзіць скрозь звычайную матэрыю ў нязменным стане. У любы момант мільярды іх бясшкодна струменяць праз цела чалавека.

Тэорыя адноснасці Эйнштэйна гаворыць пра тое, што хуткасць святла (каля 300 000 км/с) — гэта бар’ер, які не можа быць пераадолены. У знакамітым ураўненні E=MC ² энергія вылічваецца са здабытку масы цела і хуткасці святла ў квадраце. Калі ж часцінкі рухацца хутчэй за святло, усё робіцца складанейшым.

Пры такім сцэнары, назіральнік у ракеце, што ляціць з хуткасцю, блізкай да хуткасці святла, які назіраў эксперымент Gran Sasso, «убачыў бы нейтрына да таго, як яно вылецела — яны б бачылі рух назад у часе», сказаў доктар Турак.

Паняцце хуткасці святла — таксама і частковая аснова для тэорыі гравітацыі Эйнштэйна. А яна, у сваю чаргу, з’яўляецца адпраўным пунктам для існых тэорый пра тое, як развіваўся Сусвет.

Некалькі гадоў таму падобны эксперымент нейтрына быў зроблены ў лабараторыі Фермі ў Ілінойсе, і ён таксама паказаў, што часцінкі могуць рухацца хутчэй за святло. У адрозненне ад апошняга эксперыменту, гэтыя дадзеныя былі «ніжэйшыя за парог дакладнасці, неабходнага для прыняцця навуковай гіпотэзы», сказаў Роберт Планкет, фізік з лабараторыі Фермі.

Доктар Планкет і ягоныя калегі цяпер плануюць удасканаліць сваю працу і паглядзець, як іх высновы стыкуюцца з іншымі высновамі аб хуткасці руху нейтрына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?