Віцебскі абласны суд вырашыў, што справа эксперта, які не правёў дактыласкапію Дзмітрыя Канавалава, аднаго з абвінавачаных у выбуху ў мінскім метро, будзе разбірацца ў закрытым рэжыме.

Старшыня Віцебскага абласнога суда Мікалай Хамічонак заявіў, што «матэрыялы справы ўтрымліваюць звесткі пра дзяржаўныя таямніцы, у сувязі з гэтым пры прызначэнні справы да вытворчасці было прынята рашэнне аб правядзенні закрытага судовага пасяджэння».

Прозвішча падсуднага эксперта таксама не паведамляецца. Вядома толькі, што ў дачыненні да аднаго з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў УУС Віцебскага аблвыканкама следчым аддзелам пракуратуры Віцебскай вобласці было праведзена расследаванне паводле крымінальнага артыкула «Службовая нядбайнасць».

Следчыя высветлілі, што 20 студзеня 2009 года ў гарадскім ваенкамаце эксперт не правёў дактыласкапію прызыўніка. Паверыўшы вуснай заяве Канавалава і не спраўдзіўшы яе, службовец выдаў даведку пра тое, што прызыўнік праходзіў дактыласкапію раней і што няма неабходнасці рабіць яе паўторна.

Такім чынам Канавалаў не быў правераны на датычнасць да выбуху ў Мінску 3 ліпеня 2008 года. Гэта, паводле следства, дазволіла яму застацца беспакараным за здзейсненае злачынства і ўчыніць тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?