Валютная выручка Белкаапсаюза ад экспарту чарніц склала 5,4 млн. долараў. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення нарыхтовак Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Аксана Скіндар.

Паводле яе слоў,

экспартная цана чарніц расце. Калі ў пачатку пастаўкі ягада каштавала 3 еўра за кілаграм, то ў далейшым чакаецца рост цэн да 3,9–4 еўра за кілаграм.

Скіндар паведаміла, што доля беларускай ягады на еўрапейскім рынку складае 30%. Пры гэтым, паводле яе меркавання, якасць чарніц з Беларусі значна вышэйшая, чым амерыканскай культываванай.

Начальнік упраўлення адзначыла, што калі пяць гадоў таму беларуская ягада перакуплялася ў краіны Балтыі, а адтуль пастаўлялася ў іншыя краіны Еўропы, то зараз Белкаапсаюз устанаўлівае прамыя сувязі з заходнімі спажыўцамі. Паляпшаецца класнасць ягады, яе таварны выгляд. Сёлета было прынята рашэнне адгружаць не сыравіну, а толькі ягаду ў замарожаным выглядзе. «Гэта дае нам магчымасць зарабіць больш грошай, больш валюты і павялічыць канкурэнтаздольнасць і значнасць нашай ягады на міжнародным рынку», — адзначыла яна.

Чарніцы пастаўляюцца не толькі ў еўрапейскія краіны, але і з 2009 года ў Кітай. Сёлета Беларусь наведаў дырэктар кітайскай фармацэўтычнай кампаніі, якая закупляе сыравіну ў Беларусі. Паводле слоў Скіндар, ён высока ацаніў якасць беларускай ягады.

У цэлым, паводле слоў спецыяліста, сёлета ў насельніцтва было закуплена 3,6 тыс. тон чарніц. За іх здачу было выплачана 60 млрд. рублёў. Чарніцы закупляліся па цане ад 10 тыс. за кілаграм у пачатку сезона нарыхтовак да 26–26,8 тыс. — у канцы. Пры гэтым яна адзначыла, што Белкаапсаюз не з’яўляецца манапалістам у сферы закупак дзікарослай ягады. «Мы закупляем прадукцыю ў даволі жорсткай канкурэнцыі», — адзначыла яна.

«Сёлета мы выбралі для сябе такую пазіцыю, паводле якой першымі ўстанавілі для сябе даволі высокую закупную цану. Пры гэтым цэны сёлета дынамічна змяняліся. Такая пазіцыя апраўдана, бо чарніцы знаходзяць свайго пакупніка і з кожным годам гэта запатрабаванасць і зацікаўленасць узрастае», — падкрэсліла Скіндар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?