Беларусь не пагасіла доўг за расійскую электраэнергію ў прызначаны тэрмін. «На 8.30 па маскоўскім часе 28 чэрвеня неабходны плацеж за электраэнергію не паступіў. У гэтай сувязі ў адпаведнасці з заяўкай ў Сістэмны аператар мы з 00.00 мск 29 чэрвеня (23:00 паводле мінскага) поўнасцю спыняем пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь. Чакаем ад беларускіх партнёраў пагашэння доўгу і чарговага плацяжу ў поўным аб’ёме», — цытуе РІА Новости афіцыйнага прадстаўніка «Інтэр РАО».

Каментарыяў з беларускага боку пакуль няма.

Нагадаем, 9 чэрвеня «Інтэр РАО ЕЭС» абмежавала пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь з-за наяўнасці запазычанасці. На той момант доўг складаў 1,5 млрд. расійскіх рублёў. Першапачаткова поўнае спыненне паставак у выпадку непагашэння доўгу планавалася на 22 чэрвеня, аднак затым было прынята рашэнне перанесці яго на 27 чэрвеня.

Па выніках перамоў быў складзены і падпісаны графік плацяжоў, згодна з якім Мінск абавязаўся пагасіць запазычанасць за расійскую электраэнергію да 5 ліпеня. 13 чэрвеня пастаўкі ў Беларусь былі поўнасцю адноўленыя, а 15-га — «Белэнерга» пералічыла першы транш плацяжу па запазычанасці ў памеры 600 млн. расійскіх рублёў, доўг за сакавік.

23 чэрвеня прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч у ходзе візіту ў Санкт-Пецярбург заявіў: Беларусь поўнасцю разлічыцца за пастаўленую электраэнергію да 28 чэрвеня. Паводле яго слоў, «у прынцыпе, у Беларусі дастаткова магутнасцей, каб забяспечыць унутраны рынак у электраэнергіі поўнасцю, нават з залішкам», аднак некаторыя энергетычныя магутнасці ў Беларусі «не вельмі эфектыўныя».

Запазычанасць узнікла ў сувязі з крызісам на валютным рынку Беларусі. Прадстаўнікі «Белэнерга» сцвярджалі: у іх дастаткова беларускіх рублёў для разліку з расійскім пастаўшчыком — праблема ў канвертацыі валюты.

Доля расійскай электраэнергіі сёння складае 12% у балансе сутачнага энергаспажывання Беларусі. Сёлета Беларусь мае намер імпартаваць з Расіі 3 млрд. кВт.гадз электраэнергіі па кантракце з «Інтэр РАО».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?