Мінская транспартная пракуратура апытала Антона Піева, аўтара начных здымак у Мінскім метрапалітэне.

Піеў паведаміў, што супрацоўнікі праваахоўных органаў не маюць да яго прэтэнзій у сувязі з яго наведваннем метро пасля яго афіцыйнага закрыцця.

Ад падрабязных каментарыяў наконт праверкі пракуратуры Піеў пакуль устрымліваецца.

Нагадаем, 31 мая на нарадзе аб ходзе расследавання абставін выбуху на станцыі «Кастрычніцкая» Мінскага метрапалітэна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго праінфармавалі аб відэароліку, які дэманструе, як група маладых людзей ноччу свабодна праз незачыненыя дзверы заходзіць на станцыю метро «Маскоўская».

Відэаролік зняты ў ноч на 29 мая і затым размешчаны ў інтэрнэце. Маладыя людзі выявілі на відэа вестыбюль і перон станцыі, гадзіннік, на якім ўказаны час — 3.49. Ні міліцыі, ні работнікаў метрапалітэна нідзе не было.

«Яны з хлопцамі праніклі ноччу ў метрапалітэн і здымалі гэта ўсё на відэа. Выклалі гэта ў інтэрнэт: глядзіце — вось як працуе наша міліцыя і ўсе іншыя на чале з Мальцавым (дзяржаўным сакратар Савета бяспекі Беларусі. — БелаПАН.), як яны забяспечваюць выкананне даручэнняў прэзідэнта», — заявіў Лукашэнка.

«Як мяне праінфармавалі, расследаванне наконт гэтага праводзіцца. Думаю, і наконт гэтага мяне сёння праінфармуюць. Я нікога пакуль не папракаю і папракаць не буду. Калі гэтыя факты пацвердзяцца — заўтра без пагон застаняцеся», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Інфармацыя аб свабодным доступе ў метро пасля тэракта на станцыі «Кастрычніцкая» 11 красавіка паслужыла падставай для «неадкладнай праверкі выканання службовымі асобамі Мінскага метрапалітэна заканадаўства, накіраванага на арганізацыю бяспекі руху і пасажыраў». Правесці такую праверку генпракурор Беларусі даручыў беларускаму транспартнаму пракурору.

Як паведамілі ў Беларускай транспартнай пракуратуры, такая праверка ўжо праводзіцца.

У выніку выбуху ў мінскім метро на станцыі «Кастрычніцкая» 11 красавіка загінулі 15 чалавек, каля 200 былі параненыя. У тэракце абвінавачваюцца два маладыя чалавекі, жыхары Віцебска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?