Рада па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пры прэзідэнце РФ апублікавала «Прапановы аб заснаванні агульнанацыянальнай дзяржаўна-грамадскай праграмы «Пра ўвекавечанне памяці ахвяраў таталітарнага рэжыму і нацыянальнае прымірэнне». Ніжэй яны прыводзяцца цалкам (без дадаткаў).

* * *

Дадзеныя прапановы былі падрыхтаваны Рабочай групай Савета па гістарычнай памяці і перададзеныя прэзідэнту РФ на сустрэчы 1 лютага 2011 г. у Екацерынбургу. Фактычна гэта толькі план праграмы, які пазначае асноўныя напрамкі яе развіцця. Многія пункты праграмы маюць патрэбу ў дэталізацыі, шэраг прапановаў патрабуе замацавання нарматыўнымі дакументамі. Рабочая група запрашае да супрацоўніцтва па развіцці праграмы ўсіх па-сапраўднаму зацікаўленых гэтай тэмай экспертаў.

Без асваення грамадскай свядомасцю трагічнага досведу Расіі ў XX стагоддзі ўяўляецца немагчымым рух расійскага грамадства да рэальнай мадэрнізацыі. Гістарычны досвед паказвае, што мадэрнізацыя можа быць паспяховай толькі ў тым выпадку, калі і нацыянальная эліта, і ўся супольнасць адзіныя ў агульным грамадзянскім пачуцці адказнасці перад гісторыяй. А гэтае пачуццё, пачуццё адказнага гаспадара краіны, у сваю чаргу, немагчыма адрадзіць, хаваючы — не столькі ад вонкавага свету, колькі ад саміх сябе — праўду аб тым, што наш народ зрабіў сам з сабой у XX стагоддзі. Утойванне праўды пра мінулае пазбаўляе нас магчымасці нацыянальнай самапавагі, без якой мы ніколі не створым перадумовы для сапраўднага патрыятызму; а, значыць, і размовы пра мадэрнізацыю застануцца добрымі намерамі.

Адным з найважнейшых шляхоў пераадолення ўзаемнага адчужэння народа і эліты з’яўляецца поўнае прызнанне расійскай катастрофы XX стагоддзя, ахвяр і наступстваў таталітарнага рэжыму, які кіраваў на тэрыторыі СССР цягам большай часткі гэтага стагоддзя. «Таталітарызм спрабаваў паквапіцца на расійскую адкрытасць, і гэта пагражала альбо маніяй выключнасці, альбо комплексам самапрыніжэння, — адзначаў у 1996 годзе першы прэзідэнт Расіі Б. М. Ельцын. — Дэмакратыя засцерагае ад гэтай небяспекі. Захоўваючы свабоду і адкрытасць, яна забяспечвае магчымасць народу „самому быць“». Толькі прызнанне згубнасці таталітарызму можа стаць падмуркам для ўздыму грамадства і краіны.

Мэты праграмы:

Першая і галоўная, — мадэрнізацыя свядомасці расійскага грамадства праз прызнанне трагедыі народа часоў таталітарнага рэжыму. Садзейнічанне стварэнню ў грамадстве пачуцця адказнасці за сябе, за краіну. Пры гэтым з галоўным акцэнтам не на абвінавачанні тых з нашых продкаў, хто тварыў генацыд, разбураў веру і мараль, а на павазе і ўвекавечанні памяці ахвяр рэжыму. Заканчэнне грамадзянскай вайны, развязанай ў 1917 г.

Другая — забяспечанне падтрымкі праграмы мадэрнізацыі краіны з боку найбольш адукаванай і актыўнай часткі насельніцтва. Калі нават толькі частка прапанаванай праграмы — усталяванне помнікаў ахвярам таталітарызму ў гарадах і ў месцах іх пахаванняў, стварэнне музейна-мемарыяльных комплексаў будзе ажыццёўленае — ужо адно гэта дадаткова падвысіць маральна-палітычны аўтарытэт цяперашняга кіраўніцтва краіны.

Трэцяя — умацаванне аб’яднальных тэндэнцый на тэрыторыі былога СССР і, магчыма, былога «сацлагера» — праз усведамленне агульнасці трагічнага мінулага. Праграма павінная насіць агульны для гэтых краін характар. Але пры гэтым яна мусіць быць ініцыяваная Расіяй як найбольш пацярпелай з краін, якія перажылі таталітарызм.

Чацвёртая — умацаванне міжнароднага прэстыжу краіны. Асуджэнне прэзідэнтам таталітарнага рэжыму, кленчанне прэм’ер-міністра перад Катынскім крыжом ужо адыгралі відавочную пазітыўную ролю. Прызнаўшы, што ўся Расія — «вялікая Катынь», пачаўшы выказваць павагу ахвярам таталітарнага рэжыму самастойна, добраахвотна, без прымусу, краіна можа толькі выклікаць да сябе павагу з боку ўсіх нармальных людзей і народаў.

Магчымыя выдаткі ад ажыццяўлення гэтай праграмы можна з лішкам кампенсаваць зваротам да найлепшага, што было ў расійскай гісторыі, — напрыклад, да бліскучай эпохі, якая распачалася з Кацярыны II і скончылася ў 1917 г. Але працягвалася ў неймаверна цяжкіх умовах і ў ХХ стагоддзі. Расійская ідэнтычнасць павінная нарэшце грунтавацца на тым, што гісторыя Расіі пачалася не ў 1917, што мы краіна не Леніна і Сталіна, а краіна і народ Пушкіна, Гогаля, Талстога, Пастарнака, Чайкоўскага, Суворава, Жукава, Каралёва, Салжаніцына, Сахарава, урэшце, Кацярыны II, Аляксандра II, Сталыпіна, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё і славу краіны і яе культуры.

Канкрэтныя напрамкі праграмы:

Неабходна ўвекавечыць памяць пра загінулых; у прыватнасці, неабходна правесці масавае ўсталяванне абеліскаў і іншых знакаў памяці як у месцах пахавання ахвяраў таталітарнага рэжыму, так і ў гарадах і селішчах, дзе іх арыштоўвалі і адкуль іх вывозілі. Неабходна разгарнуць дзяржаўна-грамадскую праграму садзейнічання пошуку і вызначэнню месцаў пахавання ахвяр рэпрэсій. Гэтай праграме, як і праграме ўсталявання знакаў памяці, варта з самага пачатку надаць міжнародны характар: яна мусіць стаць агульнай для ўсіх краін СНД і Балтыі, а, магчыма, і для іншых краін, якія ўваходзілі ў «сацлагер». Усе былі ахвярамі, і сярод катаў таксама былі прадстаўнікі ўсіх народаў. (Гл. Дадатак 1, пункты 1.1, 1.3).

(У перспектыве праграма магла б мець і больш шырокі, агульнаеўрапейскі характар: уся Еўропа была ахвярай, уся Еўропа вінаватая ў трагедыях ХХ стагоддзя — у дзвюх сусветных войнах, у двух таталітарызмах, у цяжкім, не пераадоленым да канца расколе).

Неабходна падтрымаць ахвяраў рэпрэсій, якія жывуць сярод нас; іх засталася жменька, але несправядлівасць у дачыненні да іх мусіць быць адкупленая. (Гл. Дадатак 2).

Неабходна, нарэшце, рассакрэціць архівы, каб перастаць хаваць ад саміх сябе страшную праўду аб злачынствах, якія дзеяліся ў нас у краіне. Хаваючы ўсім вядомую праўду, мы самі сябе ганьбім і асацыюем з таталітарным рэжымам. (Гл. Дадатак 3).

Думаецца, грамадства да рэалізацыі такой праграмы гатовае. Шанаванне памяці загінулшых можа выклікаць да жыцця не эрзац, а рэальны масавы патрыятычны рух. Асабліва важна прыцягнуць да гэтага руху моладзь.

* * *

Перад краінай і яе кіраўніцтвам у перспектыве стаяць базавыя задачы, выкананне якіх, несумненна, будзе мець гістарычнае значэнне. Вырашэнне гэтых задач, як правіла, не можа мець аднамомантавага характару. Сама пастаноўка праблем запатрабуе пэўнай паслядоўнасці дзеянняў. Адпаведна, і сукупнасць дзеянняў, скіраваных на асэнсаванне і пераадоленне трагічнага мінулага, ужо на першым этапе можна разбіць на дзве катэгорыі: першачарговыя крокі, ключавыя для вырашэння праблемы ў цэлым, і спадарожныя гэтым крокам меры, якія іх падмацоўваюць.

Да першачарговых крокаў, якія забяспечваюць увекавечанне памяці загінулых і выкананне маральнага абавязку перад жывымі, адносяцца:

— Выданне ўказа або закона, які прадугледжвае стварэнне ва ўсіх буйных гарадах і буйных населеных пунктах (прынамсі, да ўзроўню райцэнтраў) помнікаў ахвярам рэпрэсій; садзейнічанне праз СМІ і іншыя каналы стварэнню масавага пошукавага руху, які выяўляў б імёны ахвяр, шукаў месцы пахаванняў, удзельнічаў ва ўсталяванні помнікаў; шырокае прыцягненне да гэтага руху моладзі (досвед такіх рухаў існуе ў нашых суседзяў, але база для яго ёсць і ў Расіі); стварэнне грамадска-дзяржаўных дабрачынных фондаў, якія фінансуюць ўвекавечанне памяці ахвяр.

— Стварэнне як мінімум двух агульнанацыянальных мемарыяльна-музейных комплексаў побач з абедзвюма сталіцамі і манументальнага помніка ахвярам у цэнтры Масквы. (Гл. Дадатак 1, пункт 1.2).

— Выпрацоўка і прыняцце адзінай дзяржаўнай праграмы стварэння Кніг памяці ахвяраў таталітарнага рэжыму і стварэнне на іх аснове Адзінай базы дадзеных «Ахвяры таталітарнага рэжыму ў СССР». (Гл. Дадатак 1, пункты 1.3, 1.4).

— Удасканаленне механізмаў сацыяльнай падтрымкі ахвяр рэпрэсій, якія жывуць у Расіі. (Гл. Дадатак 2).

Гэтыя меры маюць падрыхтаваць палітычна-прававую ацэнку злачынстваў мінулага — у форме афіцыйнай дэкларацыі ад імя як выканаўчай, так і заканадаўчай улады, а таксама, верагодна, у форме аўтарытэтнага юрыдычнага рашэння, што кваліфікавала б злачынныя дзеянні ў адпаведнасці з нормамі права. Адсутнасць такой ацэнкі з’яўляецца найважнейшай перашкодай для «дэтаталірызацыі» расійскай грамадскай свядомасці. (Гл. Дадатак 4, Дадатак 8).

Магчыма, ужо цяпер варта перайменаваць Дзень народнага адзінства, які гучыць дзіўнавата, у Дзень памяці ахвяр грамадзянскай вайны і нацыянальнага прымірэння. Г.зн. заканчэнне грамадзянскай вайны, што цягнулася амаль стагодддзе. Такое перайменаванне тым больш лагічнае, што і падзеі 1612 года сімвалізавалі канец «смуты», гэта значыць, фактычна былі заканчэннем грамадзянскай вайны.

Каб падтрымаць і замацаваць вынікі, дасягнутыя вышэйпералічанымі першачарговымі мерамі, неабходна таксама, магчыма, на другім этапе:

— Завяршыць працэс юрыдычнай рэабілітацыі грамадзян, асуджаных па палітычных матывах у розныя перыяды савецкай гісторыі (гл. Дадатак 5);

— Прыняць Закон аб тапаніміцы, які забараняе увекавечваць у назвах населеных пунктаў, вуліц, плошчаў і г.д. памяць асобаў, якія нясуць адказнасць за масавыя рэпрэсіі і іншыя цяжкія злачынствы супраць правоў і свабодаў грамадзян (гл. Дадатак 6);

— Стварыць сучасныя курсы айчыннай гісторыі для сярэдняй школы, свабодныя ад старых і новых міфалогій, якія спалучаюць сістэмнасць і гістарызм выкладу з выразнай маральнай, прававой, грамадзянскай і палітычнай ацэнкай падзей (гл. Дадатак 7);

— Заахвочваць і падтрымліваць навуковыя даследаванні па айчыннай гісторыі; з гэтай мэтай палегчыць доступ даследчыкаў да архіўных матэрыялаў. Для прасоўвання дакладнай інфармацыі аб мінулым у грамадскую свядомасць забяспечыць алічбаванне і інтэрнэт-публікацыю найважнейшых гістарычных дакументаў ХХ стагоддзя з дзяржаўных і ведамасных архіваў (гл. Дадатак 7);

— Стымуляваць і паўсюдна развіваць музейную працу, накіраваную на асвятленне трагічных старонак савецкай гісторыі.

Неабходна стварыць дзейсны механізм рэалізацыі прапанаванай праграмы, калі, зразумела, яна будзе прынятая (гл. Дадатак 9).

Рэалізацыя дадзенай праграмы ў поўным аб’ёме пажаданая і неабходная ў супрацоўніцтве з іншымі дзяржавамі, якія ўзніклі на постсавецкай прасторы. Пры гэтым важна, каб ініцыятарам сумесных праграм была менавіта Расійская Федэрацыя — не толькі як дзяржава-наступнік Савецкага Саюза, але і як краіна, якая найбольш пацярпела ад рэпрэсій савецкага перыяду (гл. Дадатак 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?