Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch перагледзела прагноз доўгатэрміновых рэйтынгаў дэфолту эмітэнта сямі беларускіх банкаў:
Белаграпрамбанка, Беларусбанка, Белгазпрамбанка, Белінвестбанка, Белзнешэканомбанка, БПС-банка і ЗАТ «Банк ВТБ» (Беларусь) на ўзроўні «В» са «стабільнага» на «негатыўны». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні агенцтва Прайм-ТАСС.

«Негатыўны» прагноз адлюстроўвае меркаванне Fitch аб тым, што фінансавая пазіцыя суверэннага эмітэнта значна аслабла на працягу 4-га квартала 2010 г., а таксама ў пачатку 2011 г., і ў найбліжэйшай перспектыве магчымае далейшае пагаршэнне. У прыватнасці, Fitch занепакоены становішчам з замежнымі фінансамі Беларусі і ўзмацненнем залежнасці суверэннага эмітэнта ад беларускіх камерцыйных банкаў як крыніц замежнай валюты. Сукупныя дзяржаўныя валютныя рэзервы скараціліся на 16% за 4-ы квартал 2010 г. да $5 млрд да канца года і яшчэ на 20% да $4 млрд у студзені і лютым 2011 г.

Аднак аслабленне чыстай пазіцыі ішло больш хуткімі тэмпамі, бо Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь павялічыў свае валютныя пазыкі ад камерцыйных банкаў краіны да $3,4 млрд на канец 2010 г. з $1,3 млрд у канцы 3-га квартала 2010 г. Акрамя таго, у канцы 2010 г. НБРБ меў значныя забалансавыя валютныя абавязанні перад камерцыйнымі банкамі, звязаныя з форварднымі кантрактамі і своп-пагадненнямі. Буйныя пазыкі ад беларускіх камерцыйных банкаў і з замежных крыніц, у сваю чаргу, фінансавалі вялікі дэфіцыт рахунку бягучых аперацый, які МВФ ацэньвае ў 16% ВУП у 2010 г. (у параўнанні з 13% у 2009 г.).

«Негатыўны» прагноз па гэтых рэйтынгах адлюстроўвае патэнцыял далейшага аслаблення суверэннай фінансавай пазіцыі, што адбілася б на здольнасці дзяржавы прадстаўляць падтрымку банкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?