Я не магу назваць сябе тэатразнаўцам і аматарам сучаснага мастацтва і не ведаю, ці мог бы ацаніць мастацкую каштоўнасць спектакляў беларускага «Свабоднага тэатра», усё больш вядомага ў свеце. Не буду хаваць і таго, што ўвогуле ніколі не быў на выступе гэтай трупы (як, напэўна, і большасць чытачоў), хоць гэта ўрэшце планую абавязкова выправіць.

Тым не меней, нават павярхоўнае знаёмства з творчасцю гэтай тэатральнай трупы дазваляе ацэньваць яе велізарны пазітыўны палітычны эфект. «Свабодны тэатр», безумоўна, дасягнуў поспеху як паліттэхналагічны праект, што, здаецца, амаль з самага пачатку яго публічнага існавання было ключавым складнікам дзейнасці тэатра.

Наўрад ці хтосьці цяпер мае большы і мацнейшы эмацыйны эфект што да прыцягнення ўвагі міжнароднай грамадскасці да праблемы свабоды ў Беларусі больш, чым паўпадпольная тэатральная трупа з Менску.

Тое, як гэтыя людзі здолелі скарыць сэрцы лонданскай тэатральнай тусоўкі і як ўпэўнена яны прасоўваюцца ў тусоўцы амерыканскай, заслугоўвае вялікай павагі і вялікага захаплення. Набываючы папулярнасць у заходняй культурніцкай эліце, тэатр прасоўвае публічныя інтарэсы Беларусі і беларускай дэмакратыі.

Не будзе перабольшаннем назваць «Свабодны тэатр» ключавым і найбольш паспяховым PR-праектам беларускай апазіцыі ў шырокім сэнсе.

У Брытаніі менавіта «Свабодны тэатр» зрабіўся галоўным міжнародна вядомым брэндам беларускага дэмакратычнага супраціву. Мікалай Халезін і Наталля Каляда – амбасадары беларускай дэмакратычнай грамадскасці, бадай куды важнейшыя за апазіцыйных палітыкаў.

Дэмакратычны рух у Беларусі не мае свайго жывога прарока, чалавека-сімвала кшталту Аўнг Сан Су Чжы, Андрэя Сахарава ці Далай Ламы. На гэтую ролю мелі магчымасць прэтэндаваць Зянон Пазняк ці Аляксандр Казулін, але адзін надта далёкі ад шырокіх масаў расейскамоўных беларусаў, а другі быў яўна зломлены лукашэнкаўскаю турмою.
Нават Рада БНР, з яе ўнікальным гістарычным статусам, здаецца, таксама пакуль не змагла паўнавартасна рэалізаваць сваю місію як сцяга змагання, як сімвала непрымання беларускім грамадствам сённяшніх бутафорскіх прадстаўнічых інстытутаў Рэспублікі Беларусь.

Хаця пакуль гэтыя інстытуты працягваюць быць бутафорскімі, яна мае і будзе мець для гэтага сур'ёзны патэнцыял і будзе паводле вызначэння такім сімвалам для пэўнай часткі насельніцтва.

Не маючы гэткай персаніфікацыі сярод палітыкаў, свабодная Беларусь атрымала сваім сцягам і сваім сімвалам у свеце «Свабодны тэатр». Прычым сняжок, кінуты «Свабодным тэатрам», пасля 19 снежня 2010 г. мае ператварыцца ў вялікую PR-аўскую лавіну, вельмі непрыемную для паноўнага аўтарытарнага рэжыму.

Нягледзячы на відавочныя і шырока раскручаныя няўдачы беларускай палітычнай апазіцыі, беларуская дэмакратычная грамадскасць можа нараджаць паспяховыя ініцыятывы і праекты.
Маючы «Свабодны тэатр», мы ўсе маем у каго вучыцца і з каго браць прыклад.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?