РУП «Белтэлекам» працягне палітыку зніжэння тарыфаў, у тым ліку на доступ у інтэрнэт. Аб гэтым паведаміў 26 студзеня на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар нацыянальнага аператара электрасувязі Канстанцін Цікар.

«Канешне, тарыфы будуць зніжацца. Захаваем мы гэтыя тэмпы ці не, але тэндэнцыя будзе — гэта стопрацэнтна», — запэўніў Цікар.

«Сёння кошт доступу ў інтэрнэт — гэта ўжо менш актуальны бізнес. Сёння трэба рухацца ў бок кантэнту, каб людзі куплялі не проста доступ, а каб яны куплялі паслугі на базе гэтага доступу. У прыватнасці, напрыклад, IPTV — частка гэтага кантэнту», — сказаў кіраўнік «Белтэлекама».

Ён падкрэсліў, што за пяць гадоў многія тарыфы былі зніжаны ў дзясяткі і сотні разоў. «Я лічу, што на сёння яны сталі дастаткова даступнымі як для насельніцтва, так і для юрыдычных асоб», — дадаў Цікар.

***

Па выніках 2010 года кампанія мае 750 тысяч абанентаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт byfly (рост 350 тысяч у 2010 годзе). На аснове існуючай сеткавай інфраструктуры «Белтэлекам» паспяхова стартаваў з першым лічбавым інтэрактыўным тэлебачаннем ZALA і з 2008 года падключыў 220 тысяч абанентаў (рост 160 тысяч у 2010 годзе) па ўсёй краіне.

«Белтэлекам» за 2011–2015 гады плануе павялічыць абаненцкую базу карыстальнікаў высакахуткаснага доступу ў інтэрнэт да 2,2 млн., выкарыстоўваючы фіксаваны і бесправадны віды доступу.

«Белтэлекам» быў створаны 3 ліпеня 1995 года. З’яўляецца першасным інтэрнэт-правайдарам у Беларусі, ажыццяўляе перадачу даных па камутаванай сетцы агульнага карыстання, забяспечвае доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнэту, прадастаўляе ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычна любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, прадастаўляе міжгародні і міжнародны роўмінг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?