Яраслаў Раманчук 2 снежня выступіць па тэлебачанні, Уладзімір Някляеў і Рыгор Кастусёў правядуць сустрэчы ў рэгіёнах, Андрэй Саннікаў запіша выступленне на радыё, паведамілі ў штабах кандыдатаў у прэзідэнты.

Паводле інфармацыі кіраўніка прэс-групы кандыдата ў прэзідэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука Ганны Красулінай, Раманчук правядзе рабочыя сустрэчы ў штабе і падрыхтуецца да выступлення па тэлебачанні. Выступленне будзе паказана на Першым канале з 19.30 да 20.00 у прамым эфіры.

Уладзімір Някляеў працягвае паездкі па Магілёўскай вобласці.

З 14.00 да 17.00 у яго запланавана сустрэча з выбаршчыкамі ў Бабруйскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, з 18.00 да 21.00 — ва ўстанове «Сектар Магілёўскага цэнтра культуры і вольнага часу» на станцыі Асіповічы (ДК чыгуначнікаў), паведаміла прэс-сакратар Някляева Юлія Рымашэўская.

Кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў правядзе сход у Лагойскім раённым доме культуры (Мінская вобласць), пачатак у 18.00.

Кандыдат у прэзідэнты ад аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі 2 снежня ў Бруселі сустракаецца з еўрапейскімі парламентарыямі. У гэты дзень кіраўнік яго выбарчага штаба Павел Севярынец правядзе сустрэчы з выбаршчыкамі Полацка, Наваполацка і Дзісны (Віцебская вобласць).

У Андрэя Саннікава на 2 снежня запланавана сустрэча з журналістамі і запіс радыёвыступлення. Яго давераныя асобы — першы міністр абароны незалежнай Беларусі генерал-палкоўнік Павел Казлоўскі і прадстаўнік Саннікава ў ЦВК Юрый Хадыка — сустрэнуцца з выбаршчыкамі ў ДК ААТ «МНПЗ» у Мазыры (Гомельская вобласць), пачатак у 17.30, паведаміў прэс-сакратар кандыдата Аляксандр Атрошчанкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?