Водгук чытача НН Кастуся Траўня на артыкул «Кіргізскі сцэнар для Беларусі: ці будуць у Мінску страляць» з «НН» № 27 ад 21 ліпеня 2010.

Артыкул Андрэя Дынько карысны, але патрабуе далейшага аналізу. Увесь час нашы аналітыкі звяртаюць увагу на «рашэнні», «меркаванні» і забываюцца пра «сілу». Між тым, як у сусвеце, так і ў палітыцы «сіла» ёсць асноўным аргументам!

Дынько пытаецца: «Чаго дабіваецца Расія?» І адказвае: «Захавання статус-кво ў адносінах з Беларуссю і пры гэтым змяншэння энергетычнага гранта». Хо-хо-хе-хе… Для Расіі пяць мільярдаў долараў у год лішніх тратаў нічога не вырашаюць.

Неяк наш прэзідэнт выказаў сваё жаданне: «Вы, Расія, павінны ставіцца да нас, як ЗША да Ізраіля!» Лепш і не скажаш! Усе сто адсоткаў грамадзян нашай Беларусі падтрымаюць гэтую тэзу!

Дарэчы, ЗША не прымушае ізраільцян адмовіцца ад сваёй мовы, ад сваёй веры і ад сваёй гісторыі, што робіць у дачыненні да Беларусі Расія. Між тым, паглынанне нашай краіны РФ лагодна называюць «яднаннем двух брацкіх народаў».

Расія і сёння — гэта драпежная імперыя! Мэта яе нават сёння — далучэнне сатэлітаў і высмоктванне жыццёвых сіл з гэтых сатэлітаў. Мэта РФ — далучэнне Беларусі да Расіі ў якасці суб’екта федэрацыі.

Дарэчы, пошліны на нафтапрадукты былі прыняты Пуціным пасля таго, як ён на саміце СНД у Мінску ўбачыў нашу Нацыянальную бібліятэку. Заела, узяло за жывое, ударыла па самалюбстве расійскага носьбіта ўлады.

Некаторых расійскіх чыноўнікаў да сёння заядае нават існаванне нашай футбольнай зборнай і поспехі БАТЭ. У Расіі яшчэ і сёння ўсе імперыялісты: ад бамжа да прэзідэнта, нават інтэрнацыяналіст Зюганаў — таксама расейскі імперыяліст.

І ў Кіргізстане Расія дзейнічала перш за ўсё дзеля таго, каб захаваць і ўзмацніць свой уплыў.

Далей Дынько выказвае думку: «Калі наканавана адбыцца зменам, яны адбудуцца пад тымі сцягамі, якія запануюць на вуліцы». Сцягі ў дадзеным выпадку — гэта рэквізіт. Галоўнае, хто прыйдзе пад тымі сцягамі да ўлады?

Канечне,

як палітык наш «бацька» перарос ролю палітычнага паслугача РФ.
Акрамя таго, несумненныя эканамічныя поспехі нашай краіны кідаюць цень на метраполію, якая мае велізарныя багацці, а патанае ў бязладдзі і карупцыі. Калонія (а мы, фактычна, калонія Расіі, нават мова ў нас пануе каланіяльная) не можа жыць лепш, чым метраполія!
Наш прэзідэнт сёння — гэта першы беларускі палітык за апошнія сто год, пасля Антона Луцкевіча, які ў свой час выклаў ідэю стварэння незалежнай Беларусі. Палітык — гэта капітан карабля, які ўвесь час ловіць пераменлівы вецер у ветразі свайго парусніка.
Ён мацнейшы за першых прэзідэнтаў Грузіі ці Азербайджана, толькі першы першы прэзідэнт Казахстана Назарбаеў роўны яму, бадай.
Пераход ад расійскага таталітарызму да еўрапейскай дэмакратыі ў нашай краіне — гэта ўтопія, да ўлады прыйдзе імперская мафія.

Калі цяперашні прэзідэнт верне нам мову, бел-чырвона-белы сцяг, «Пагоню», гістарычную спадчыну ВКЛ, скарыстае ў дзяржаўнай палітыцы нацыянальную ідэю, то за ім пойдуць мільёны людзей.

Што датычыць апазіцыі, то ёй трэба помніць, што «розум» таксама з’яўляецца «сілай». Толькі трэба знайсці супольныя грамадскія інтарэсы між уладай і патрыятычнай апазіцыяй.

* * *

Каментар Рэдактара. Сякера пад лавай.
Думкі даўняга чытача і аўтара «НН» у дадзеным выпадку падаліся мне тэарэтычна правільнымі, як газ у колбе, але мала карыснымі пры сутыкненні з рэальнасцю.

Так, Расія імперская і мае эканамічны інтарэс. Але найлепш абараняюць нацыянальныя інтарэсы не аўтарытарныя кіраўнікі, а дэмакратыі ў складзе ЕС. У іх уплыў Расіі найменшы, узровень жыцця высокі, а стан нацыянальных культур — упэўнены.

«Несумненныя эканамічныя поспехі» выглядаюць сумнеўнымі, як толькі пераязджаеш польскую мяжу.

Чаму Літве ці Малдове па сілах было перайсці ад таталітарызму да дэмакратыі, а Беларусі — не? «Не адразу!» — пачую пярэчанне як сп.Траўня, так і лукашэнкаўцаў (акадэміка Рубінава, прыкладам). Але ж і пераходны перыяд аўтарытарызму доўжыцца ўжо 20 гадоў! На захад і поўнач ад Беларусі ў Еўропе няма ніводнай аўтарытарнай дзяржавы. Напэўна, яшчэ і таму, што такія дзяржавы неэфектыўныя эканамічна.

Хто як не Лукашэнка падтрымліваў і заахвочваў імперскую экспансію? Дамовы пра СПА, сілы хуткага рэагавання АДКБ і Мытны саюз былі ягонымі нядаўнімі крокамі ў тым кірунку.

Падтрымліваць такога Лукашэнку? Зрэшты, ён і не мае патрэбы ні ў якай народнай падтрымцы. Менавіта таму назіральнікам забаронена сачыць за падлікам галасоў на выбарах, забаронена любая публічная крытыка кіраўніка дзяржавы, а ўсе механізмы грамадскага абмеркавання ператвораны ў прафанацыю, прыстасаваны для «адабрямса» загадзя вызначаных рашэнняў. Дадуць вам права голасу, спадару Травень, тады і падтрымаеце.

Спадзяванні, што Лукашэнка «пяройдзе на мову», «скарыстае нацыянальную ідэю» — гэта спадзяванні на цуд і дзядзьку. Лукашэнка 16 гадоў абапіраецца на іншыя сілы, а кіруе ім ягоны асабісты інтарэс і інтарэсы ягоных сыноў. Выкарыстоўваць нацыянальную ідэю ён будзе ў той ступені, у якой яны будуць здольныя падоўжыць ягонае кіраванне ці дапамогуць захаваць уласнасць пад сваім кантролем.

Што ў такім разе людзям Вашых перакананняў, спадару Травень, карысна рабіць для абароны сваіх асабістых і нацыянальных інтарэсаў? А тое самае, што рабілі раней: паслядоўна падтрымліваць беларускамоўных і \ ці праеўрапейскіх палітыкаў, ставіць за іх подпісы, ставіць подпісы пад нацыянальнымі петыцыямі і зваротамі ў абарону правоў чалавека і прыватнай уласнасці, удзельнічаць у незалежных ад дзяржавы асяродках і суполках і найперш фінансаваць іх дзейнасць, як і выхад незалежных СМІ, сайтаў. І — дбаць пра ўласныя сем’і, развіваць уласны бізнэс, уласныя асяродкі.

Незалежная актыўнасць знізу стварыла нацыі фінскую, чэшскую і літоўскую, а «добрыя цары» вымушаныя былі ў сваіх інтарэсаў тое трываць.

У чым са сп.Траўнем пагаджаюся цалкам, дык гэта з думкай, што незалежнаму грамадству — аснове нацыі — варта акуратна лавіраваць, каб ні ў якім разе не спрыяць русіфікацыі і ўзмацненню расійскіх інтарэсаў у Беларусі.

«Шлях будзе доўгі, і мы павінны да гэтага прызвычаіцца, — сказаў Зянон Пазняк у сваім нядаўнім інтэрв’ю і прывёў прыклад. — Калісьці чэхі пабудавалі тэатр «Narodne divadlo», грошы яны збіралі па ўсёй краіне. У дзень яго адкрыцця ненавіснікі чэшскай культуры і дзяржавы спалілі тэатр. Што робіць нацыя? Імгненна абвяшчае новы збор сродкаў і зноў стварае тэатр. Свабода — гэта доўгая праца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?