Праз бяздзейнасць і безадказнасць прадстаўнікоў мясцовай улады ў горадзе Оршы Віцебскай вобласці пад пагрозай поўнага знішчэння апынуўся помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння — будынак кляштара былога манастыра базыльянаў па Музейным завулку, пабудаваны ў XVIII стагоддзі.

Летам 2003 гарадскім камунальным прадпрыемствам з кляштара былі цалкам знятыя дахавыя канструкцыі, пасля чаго будынак быў перададзены Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. З таго часу канструкцыі помнік імкліва разбураецца.

Мясцовыя ўлады і Віцебская епархія БПЦ засталіся глухімі да шматлікіх зваротаў грамадскасці. Пасля звароту жыхароў горада ў пракуратуру Аршанскі гарвыканкам выдаў на адрас Віцебскай епархіі прадпісанне, якое патрабуе да канца гэтага году аднавіць дах. Але на сярэдзіну жніўня аднаўленне канструкцый даху так і не было пачатае, і адзін з нешматлікіх у Оршы помнікаў архітэктуры пры злачынным садзеянні ўлады працягвае разбурацца.

Гэтая сітуацыя — яшчэ адзін прыклад негаспадарлівага і безадказнага стаўлення мясцовай улады да архітэктурнай спадчыны горада. Метадычна і мэтаскіравана на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у горадзе адзін за адным знішчаюцца помнікі архітэктуры, у выніку чаго гораду прынесеныя непапраўныя страты. У перспектыве яны могуць адбіцца на ягонай інвестыцыйнай і турыстычнай прывабнасці. Некалькі станоўчых прыкладаў рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў, якія можна бачыць на вуліцах горада, толькі падкрэсліваюць гэтыя страты.

Сітуацыя з базыльянскім манастыром у Оршы патрабуе тэрміновай увагі грамадскасці і неадкладных дзеянняў дзеля выратавання каштоўнага помніка дойлідскага майстэрства нашых продкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0