Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі з 18 жніўня будзе зніжана яшчэ на 0,5 працэнтнага пункта і складзе 11 працэнтаў гадавых.
Адпаведная пастанова ад 9 жніўня 2010 года нумар 335 прынята праўленнем галоўнай банкаўскай установы краіны, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.

Чарговае змяненне стаўкі рэфінансавання накіравана на зніжэнне агульнага ўзроўню працэнтных ставак у эканоміцы. Гэта з'яўляецца важным фактарам забеспячэння эканамічнага росту, мадэрнізацыі і структурнай перабудовы вытворчасці ў мэтах выхаду на якасна новы ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

Зніжэнню агульнага ўзроўню працэнтных ставак садзейнічае і стабільная эканамічная сітуацыя ў краіне, у тым ліку невысокая інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў. Пры гэтым захоўваецца дадатны ў рэальным выражэнні ўзровень працэнтных ставак банкаў па рублёвых укладах, які істотна вышэйшы за даходнасць ад захоўвання грашовых сродкаў у замежнай валюце.

У першым паўгоддзі 2010 года Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання тры разы -- з 13,5 працэнта ў студзені да 12 працэнтаў гадавых у чэрвені. З 14 ліпеня яна была зніжана яшчэ на 0,5 працэнтнага пункта да 11,5 працэнта. Такім чынам, па гэтаму паказчыку Нацыянальны банк увайшоў у той калідор, які вызначаны Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2010 год (9-12 працэнтаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?