У цэнтры крымінальнай гісторыі апынуўся яшчэ не пабудаваны жылы комплекс «Лябяжы».

Пракуратура Мінска распачала крымінальную справу па ч. 2 арт. 430 КК РБ (Атрыманне хабару) у дачыненні да начальніка аддзела жыллёвай палітыкі і дырэктара УКСа адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па затрыманні чыноўнікаў праводзілі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі пры ўдзеле байцоў спецпадраздзялення МУС «Алмаз».

Першапачаткова аператыўнікі меркавалі, што гаворка ідзе пра банальнае падбухторванне да давання хабару, якое часцяком аказваецца махлярствам. У дадзеным выпадку

дырэктар адной са сталічных фірмаў вельмі настойліва на працягу некалькіх тыдняў «угаворваў» індывідуальнага прадпрымальніка «даць каму трэба», каб знаёмая апошняга змагла заключыць дамову долевага будаўніцтва кватэры ў будаваным жылым доме ў мікрараёне «Лябяжы».
Гэтае пытанне, па словах падбухторшчыка, маглі за 6 тысяч даляраў станоўча вырашыць вядомыя яму службовыя асобы адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

Перадача грошай патэнцыйнай кліенткі дырэктару фірмы адбылася раніцай 3 жніўня на вуліцы Максіма Танка. Яна праходзіла пад наглядам міліцыянтаў. Падбухторшчык жа аказаўся самым сапраўдным пасярэднікам. Праз некалькі гадзін каля гасцініцы «Мінск» ён перадаў 4 тысячы даляраў начальніку аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Цэнтральнага раёна, які ў сваю чаргу палову гэтай сумы ўручыў дырэктару УКСа. Апошняга затрымалі раніцай 4 жніўня ў момант атрымання грошай у яго службовым кабінеце.

Галоўныя фігуранты гэтай крымінальнай гісторыі былі арыштаваныя пракуратурай 6 жніўня.

Праводзіцца расследаванне, далёка не першае ў гарадскіх крымінальных справах «жыллёвай палітыкі».
Нагадаем, пад следствам знаходзіцца цяпер ужо былы начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Мікалай Ком. 25 мая Галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС яму было прад’яўленае абвінавачанне ў неаднаразовым атрыманні хабару і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?