Пра гэта паведаміў в.а. старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька 14 чэрвеня на аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме.

У гэтым сталічным мікрараёне нараўне з ужо дзеючымі аб’ектамі для правядзення вольнага часу (парк 900‑годдзя Мінска і заапарк) узвядуць сучасныя комплексы. «Тут будзе своеасаблівая зона Дыснэйлэнда — пабудуюць культурна‑забаўляльны і спартыўны комплекс «Чыжоўка‑Арэна», трэцюю чаргу заапарка, этнакультурны цэнтр «Беларуская спадчына», новую ідэалогію развіцця атрымае парк 900‑годдзя Мінска», — сказаў Мікалай Ладуцька. На яго думку, адкрыццё гэтых аб’ектаў дасць магчымасць сфарміраваць у сталіцы сучасную, прывабную і, што немалаважна, рэнтабельную зону адпачынку.

Як паведамлялася раней, «Чыжоўка‑Арэна», умяшчальнасць трыбун якой складзе 7 тыс. гледачоў, зможа прымаць чэмпіянаты міжнароднага ўзроўню. Аб’ект запланавана зрабіць шматфункцыянальным (для заняткаў гульнявымі відамі спорту і правядзення канцэртаў). У ім, акрамя сучаснай лядовай арэны, будуць пляцоўкі для баскетбола, валейбола, цэнтры для правядзення вольнага часу. Комплекс таксама будзе ўключаць канферэнц‑залу і рэстаран на 200 месц. Узвядзенне фундамента пачнецца ў бліжэйшы час.

«Беларуская спадчына» прапішацца недалёка ад заапарка. Архітэктары прапануюць гараджанам зусім новы, арыгінальны праект. На тэрыторыі 35 га размесціцца своеасаблівы музей пад адкрытым небам, дзейнасць якога будзе накіравана на захаванне і развіццё беларускай культуры, пашырэнне рынку турыстычных паслуг.

Рыцарскія палацы, пякарні, млын і іншыя аб’екты мінулага часу стануць сапраўдным падарункам аматарам гісторыі.

Тэматычныя пляцоўкі раскажуць пра ўсе перыяды ў жыцці краіны.
Напрыклад, у павільёне «Стольны град», прысвечаным старажытным княствам, вырастуць сцяна з уязнымі варотамі, дом ваяводы і іншыя аб’екты тых часоў.

А вось на «Сялянскiм падворку» можна будзе адзначыць Купалле, Каляды або Масленіцу. «Панскi Фальварак» дасць магчымасць адчуць сябе шляхцічам XVIII‑XIX стагоддзяў і запросіць пакатацца на конях у невялікім манежы. Не менш цікавымі будуць лясная зона і зона прыроды. Домік рыбака, хатка балотнай ведзьмы, пчальнік, невялікія вальеры для дзікіх жывёл Беларусі і нават магчымасць парыбачыць — усё гэта і многае іншае ўнясе свой непаўторны каларыт.

Магчымасці сучаснай Беларусі прадэманструе выставачна‑інфармацыйны цэнтр тэхнічных дасягненняў і павільён «Знакамiтыя людзi Беларусi». Плануецца, што будаўніцтва інжынерна‑транспартнай інфраструктуры этнакультурнага цэнтра пачнецца ў 2011 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?