14 чэрвеня актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» праводзяць акцыю, прысвечаную Сусветнаму дню донара.

Раніцай больш за 40 актывістаў кампаніі прыйшлі на станцыю пералівання крыві, што на вуліцы Ульянаўскай у Мінску, каб здаць сваю кроў. «Здаць кроў не так проста — многія людзі гэтага баяцца. Але трэба сябе перасіліць, мы павінны разумець, што недахоп донарскай крыві — адзін з вырашальных фактараў для чалавека, якому гэта кроў патрэбная», — сказаў адзін з удзельнікаў акцыі Міхаіл Башура. Акрамя таго, паводле яго слоў, «гэта акцыя дае магчымасць людзям паказаць сябе».

Башура таксама адзначыў, што працэдура збору донарскай крыві ў Беларусі надзвычай забюракратызаваная. «Для таго каб здаць кроў, патрэбны пашпарт, даведка пра стан здароўя, для мужчын — ваенны білет або прыпісное пасведчанне, фатаграфія незразумела навошта, зменны абутак. Атрыманне даведкі пра стан здароўя таксама звязана з праблемамі: абавязковая флюараграфія, для жанчын — гінекалагічны агляд. Трэба прайсці шмат урачоў, каб здаць кроў. Але некаторыя нашы актывісты, якія прайшлі ўсіх урачоў, так і не змаглі атрымаць даведкі. Па незразумелых прычынах у паліклініках ім адмовілі», — сказаў Башура.

Атрыманыя ад здачы крыві грошы ўсе актывісты кампаніі «Гавары праўду!» пералічаць на разліковы рахунак дабрачыннаму грамадскаму аб’яднанню «Кропля крыві» (Магілёў).

Як паведаміў Башура, акцыя па здачы крыві праходзіць не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах.

Сусветны дзень донара крыві быў заснаваны ў маі 2005 года на 58‑й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя ў Жэневе. Штогод адзначаецца 14 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?