Фота: УСУ

Фота: УСУ

Былы польскі спецназавец, вядомы пад псеўданімам Навал (Naval), праслужыў у атрадзе GROM чатырнаццаць гадоў. Большую частку гэтага перыяду ён правёў у замежных місіях у Персідскім заліве, Іраку і Афганістане. Цяпер мужчына выступае як вайсковы аналітык і аўтар кніг на вайсковую тэматыку.

Прыводзім найбольш цікавыя месцы з яго інтэрвʼю.

Украінскае контрнаступленне было апраўданым?

На думку вайсковага аналітыка, украінцам трэба было нешта рабіць, каб захаваць баявы дух. Калі б медыйная прапаганда з іх боку заявіла, што контрнаступлення не чакаецца і будзе паўза, гэта было б поспехам для расіян. Хоць многія, напэўна, з разуменнем успрынялі б такое рашэнне Украіны.

«Калі рускія пачулі, што будзе магутная і вялікая адплата, ім прыйшлося накіраваць свае сілы і рэсурсы на ўмацаванне сваіх пазіцый. І гэта таксама намаганне, якое аслабляе праціўніка», — адзначае аналітык.

Ацэнка ўкраінскага контрнаступлення

Навал адзначае:

«Цяпер, калі мы акрыялі ад шоку і прызвычаіліся да пагрозы, мы ўспрымаем канфлікт ва Украіне як свайго роду гульню, спартовае спаборніцтва. Мы не ўсведамляем, што там, на лініі агню, знаходзяцца людзі, якім даводзіцца ісці і змагацца, рызыкуючы сваім жыццём і здароўем».

Ён прапануе паглядзець на тое, што адбывалася падчас контрнаступлення, гэтак жа сама, як на гэта глядзелі камандзіры са штаба УСУ пры планаванні аперацыі і баявых дзеянняў. Ім прыйшлося зрабіць усё, каб абмежаваць чалавечыя страты. І гэта вельмі важна.

«Для мяне было цяжка чакаць і патрабаваць ад украінцаў, каб яны пачалі масіраваны штурм расійскіх мінных палёў і траншэй», — кажа Навал.

Навал Naval

Былы польскі спецназавец а цяпер вайсковы аналітык Навал. Фота: navalpolska.pl

Ці верне Украіна страчаныя тэрыторыі?

На думку былога спецназаўца, Расія занадта моцная, занадта вялікая, каб яе можна было проста выціснуць. Украінцы, вядома, маюць моцную падтрымку, у іх ёсць тэхналагічныя інавацыі, але ў іх значна менш сіл і рэсурсаў. Яны вельмі добра абараняюцца, навучыліся ваяваць, але ў іх на гэты момант няма магчымасцяў выціснуць Расію са сваёй тэрыторыі ў кароткія тэрміны.

«Гэтая вайна, на жаль, пачынае станавіцца вайной на знясіленне. А Украіна… Я не хачу сказаць, што яна не зможа выйграць такую вайну, але расіянам, безумоўна, будзе лягчэй перажыць час узаемнага знішчэння. У Расіі проста значна большы патэнцыял ва ўсіх адносінах», —

кажа Навал і падкрэслівае, што безумоўным зʼяўляецца той факт, што Украіна абараніла сябе ў першыя дні вайны і здольная супрацьстаяць Расіі ў доўгатэрміновай перспектыве.

Украінцы маглі б зрабіць нешта большае?

На думку вайсковага аналітыка, украінцы не маглі зрабіць больш, чым зрабілі. Калі казаць пра тэхнічную дапамогу з боку Захаду, то неабходна разумець, што патрэбныя спецыялісты, якія могуць кіраваць атрыманымі знішчальнікамі, танкамі і іншай тэхнікай. А гэта патрабуе працяглай падрыхтоўкі.

На гэты час, як адзначае Навал, многія прафесійныя салдаты і спецыялісты Узброеных сіл Украіны ўжо былі забітыя або параненыя. Цяпер у бой ідуць прызыўнікі, якія прайшлі кароткую, двух— ці трохмесячную падрыхтоўку. Яны вельмі хутка набіраюцца вопыту, але і плацяць за яго неверагодна высокую цану.

Куды рухаецца ўкраінска-расійскі канфлікт?

Навал адзначае:

«Я не сумняваюся, што Украіне ў нейкі момант давядзецца сесці за стол перамоваў. Калі нехта думае, што ніколі на гэта не пагодзіцца, то, на жаль, ён памыляецца».

На яго думку, калі звышдзяржавы (гэта значыць ЗША і Расія) дабʼюцца свайго, шляху назад не будзе. У гэты момант Захад можа проста сказаць Украіне сесці за стол перамоваў з Расіяй і весці іх, нават калі гэта будзе азначаць вялікія тэрытарыяльныя страты.

У выпадку нязгоды з перамовамі, прагназуе Навал, будзе перакрыты кран забеспячэння, Украіна застанецца аддадзеная самой сабе. І тады, магчыма, яна не прайграе адразу, але ёй будзе вельмі складана вытрымаць ціск Расіі, якая мае значна большую стратэгічную глыбіню.

Калі будзе падпісана перамірʼе, ці магчымая новая вайна

На думку Навала, насельніцтва Украіны стамілася ад вайны. Большасць грамадства жадае, каб вайна хутчэй скончылася. На тое, каб аднавіцца, спатрэбіцца прыкладна 30 гадоў. За такі перыяд, лічыць аналітык, вырасце новае пакаленне, якое не будзе памятаць, як было на вайне.

Ці варта чакаць расійскага контрнаступлення?

На думку Навала, сёння правесці эфектыўнае контрнаступленне немагчыма ніводнаму з бакоў, паколькі яно патрабуе засяроджвання буйных сіл і сродкаў паблізу лініі фронту.

Ён тлумачыць:«Калі праціўнік назапашвае свае сілы і ў нас ёсць зброя з далёкасцю дзеяння 100, 200, 300 км, мы можам адсочваць яго з дапамогай спадарожнікаў, а значыць, хутка знішчыць яго арсенал. Цяпер практычна немагчыма праехаць 5-10 км да мяжы за кароткі час і сабраць пяць тысяч людзей так, каб хутка патрапіць у зададзенае месца. А хуткасць дзеянняў і раптоўнасць — аснова эфектыўнага наступу.

У цяперашні час перад планіроўшчыкамі і штабамі стаіць задача здзівіць праціўніка. Гэта вельмі складана, і ні той, ні іншы бок не змогуць гэтага зрабіць у гэтай вайне».

Чытайце яшчэ:

У Крамля праз шэсць месяцаў могуць скончыцца баявыя машыны — Forbes

Пуцін прызнаў, што расійскія войскі маюць на фронце праблемы з-за беспілотнікаў 

У барацьбе за ініцыятыву ў вайне Залужны робіць стаўку на беспілотнікі

Клас
13
Панылы сорам
8
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
17
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?