На фота з Курапатаў бачна, якія надпісы парабілі «невядомыя асобы» на камяні на Галгофе — пагорку ў цэнтры ўрочышча.

Камень, на якім была выява Хрыста, Багародзіцы і апостала Андрэя, высечаны надпіс «Ахвярам сталінізму» і напісаная белай фарбай цытата з кнігі прарока Ісаі «Хоць бы грахі вашы былі як пурпур — як снег пабялеюць» (Ісайя, 1, 18), першы раз апаганілі ў лістападзе 2020 года. Тады вандалы былі напісаўшы на гэтым камені чырвонай фарбай «Вернём практики НКВД».

Цяпер жа камуністычныя вандалы прыйшлі з белай фарбай і акуратнымі літарамі. На месцы, дзе быў надпіс па-беларуску «Ахвярам сталінізму», з’явіліся надпісы фарбай па-руску: «Всем убиенным на Белой Руси в XX в.» і «Операция Курпатен юден (curpaten juden — «отеческая забота о евреях»).

«Аперацыя «Курпатэн юдэн» — гэта фэйк, які ўжо некалькі год распаўсюджваюць пралукашэнкаўскія камуністы на чале з адстаўным палкоўнікам Аляксандрам Плавінскім.

Ідэйныя прыхільнікі чэкістаў сцвярджаюць, што быццам бы ў Курапатах не НКВД расстрэльвала палітычных вязняў — а што немцы забівалі габрэяў з Заходняй Еўропы. Раней іх прапаганда была маргінальная, а цяпер слова ім даюць розныя дзяржаўныя пляцоўкі.

Цікава, што камуністы, якія не прызнаюць Бога, скарысталіся для сваёй прапаганды і Святым Пісаннем. Яны цынічна дапісалі на камені цытату з Евангелля паводле Лукі (8, 17) «Няма нічога схаванага, што б ні стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася».

Відаць, хацелі сказаць, што іх выдумка пра расстраляных у Курапатах габрэяў і ёсць той самай «тайнай».

Таксама ў Курапатах усё больш паваленых крыжоў. Такое ўражанне, што хтосьці адмыслова «дапамагае» ім паваліцца. Нават на Галгофе — у цэнтральнай частцы ўрочышча — ляжыць на зямлі адзін з найбольшых крыжоў, пастаўлены ў памяць ахвяраў з Браслаўшчыны.

Падымаць крыжы ніхто не наважваецца.

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
49